Агляд падзей у раённая газеце за лістапад 1965 года

Культура

Падарунак будаўнікоў

Добры падарунак рабочым саўгаса “Падбярэззе” падрыхтавалі члены будаўнічай брыгады, якой кіруе прараб Тадэвуш Даўляшэвіч.

Яшчэ напярэдадні свята Вялікага Кастрычніка здадзена ў эксплуатацыю тыпавая лазня з паравым ацяпленнем і водаправодам. Людзі вельмі ўдзячныя дырэкцыі саўгаса і будаўнікам за клопаты аб іх дабрабыце.

Звыш плана

«Больш драўніны новабудоўлям і прамысловасці» – пад такім дэвізам працуюць у дні перадз’ездаўскай вахты лесарубы Валожынскага лесапункта.

Неспрыяльнае надвор’е не затрымала ўзятага разгону. З кожным днём усё больш прадукцыі адпраўляецца з лясных дзялянак. План кастрычніка па нарыхтоўцы і вывазцы драўніны выкананы на 102 працэнты. Лепшых паказчыкаў дабіліся рабочыя ўчастка майстра Івана Мярзлова. Пры плане 1850 кубаметраў яны нарыхтавалі і вывезлі звыш 2100 кубаметраў. Значна перавыконваюць вытворчыя заданні брыгады, якімі кіруюць Уладзімір Іода і Міхаіл Кулак. На іх рахункі за мінулы месяц дадаткова прыбавілася адпаведна 600 і 550 кубаметраў драўніны.

Высокіх норм выпрацоўкі дабіваюцца шафёры лесавозаў Іван Башаркевіч і Уладзімір Галоўскі.

На зямлі, вернутай да жыцця

Не так даўно тут была багна. Толькі зімой, калі лютыя маразы скоўвалі балота, праз яго праходзіў конны шлях на лугі.

Але вось сюды прыйшлі меліяратары. Праклалі асушальныя канавы. І балота адступіла. “Залатое дно” – так называюць цяпер калгаснікі асушаныя тарфянікі. На іх збіраюць багатыя ўраджаі бульбы, збожжавых, кармавых культур.

І яшчэ адно багацце тоіць у сабе вернутая да жыцця зямля – незлічоную колькасць торфатуфавых угнаенняў. Праз вёску Капусціна, з былых балотаў, куды страшна было ступіць нагой чалавеку, ідуць і ідуць шматтонныя самазвалы, гружаныя торфакрошкай. Дзесяткі тысяч тон угнаення вязуць яны на калгасныя і саўгасныя палі.

Воўну — дзяржаве

У сельгасарцелі імя М. Горкага ўсямерна развіваюць разнастайныя галіны жывёлагадоўлі. Значнае месца адведзена авечкагадоўлі.

Пры плане 6,3 галавы на сто гектараў сельгасугоддзяў ёсць каля 9 авечак. Калгас павялічыў вытворчасць воўны. Гадавы  план продажу яе выкананы на 158,6 працэнта.

Каля дзвюх тон воўны прадаў дзяржаве калгас “Перамога”, а саўгас “Залескі” – 2,5. Паспяхова вядуць продаж гэтай прадукцыі калгасы “Камсамолец” і “Верны шлях”.

Знаёмства з музыкай, літаратурай

Другі год у гарпасёлку Івянец пры Доме культуры працуе народны ўніверсітэт. У вольны ад працы час рабочыя і служачыя знаёмяцца з выдатнымі творамі музыкі і літаратуры. Універсітэт наведвае звыш 200 чалавек.

Нядаўна адбыліся першыя заняткі. Перад слухачамі з лекцыяй выступіў народны артыст БССР Іосіф Жыновіч. Ён падрабязна расказаў аб ролі музыкі ў жыцці людзей, пазнаёміў з яе гісторыяй. Затым Дзяржаўны народны аркестр пад кіраўніцтвам І. І. Жыновіча выканаў музычныя творы беларускіх, рускіх і замежных кампазітараў. Слухачы засталіся задаволеныя першымі заняткамі.

Газеты і часопісы – у кожны двор

Вялікую цікавасць да перыядычных выданняў праяўляюць хлебаробы сельгасарцелі імя Мічурына.

Тут кожны калгасны двор выпісаў газеты і часопісы на 1966 год. А такія калгаснікі, як Іван Бандаровіч, Канстанцін Садоўскі і Эдуард Барбашынскі, падпісаліся на 3-4 экзэмпляры.

Асаблівым попытам у працаўнікоў вёскі карыстаюцца газеты “Правда”, “Сельская жизнь”, часопісы “Работніца і сялянка”, “Садоводство” і інш.

Старонкі газеты гартала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий