ШКОЛА РУПЛІВАСЦІ І ГАСПАДАРЛІВАСЦІ

Общество

Сёлетні сельскагаспадарчы год азначыўся новымі слаўнымі здабыткамі. Дзякуючы зладжанай рабоце працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, эканоміка раёна атрымала істотную падтрымку. Сведчаннем таму выступаюць даныя райсельгасхарчу.

Набліжаецца да завяршэння рэканструкцыя 14 малочнатаварных фермаў з будаўніцтвам сучасна аснашчаных даільных залаў. Вядома, такая маштабная работа звязана з вялікімі матэрыяльнымі затратамі, таму, каб будаваць было танней, асобныя віды работ сельгаскааператывы выконвалі ўласнымі сіламі.

Не абмінула перааснашчэнне і машынна-трактарныя паркі аграпрамысловага комплексу: за апошнія два гады яны ўмацаваліся 51 адзінкай тэхнікі на агульную суму 45,9 мільярда рублёў. Акрамя таго, у бягучым годзе ўведзены ў эксплуатацыю 3 зернеачышчальна-сушыльныя комплексы, яшчэ два былі адрамантаваны і мадэрнізаваны.

Значны клопат дзяржавы, накіраваны на падтрымку вёскі і яе жыхароў, быў дастойна ацэнены і аддзячаны сумленнай шчырай працай. У 2012 годзе раён поўнасцю выканаў заданне па задавальненні дзяржаўных патрэб у зерні, піваварным ячмені, зерні для вытворчасці спірту. Ёсць тут і свае лідары – ААТ “Лоск” і ААТ “Агра-Дубінское”, кожная з гэтых гаспадарак прадала дзяржаве больш чым 500 тон піваварнага ячменю. Павысілася амаль у 2,2 раза і эфектыўнасць вытворчасці масланасення рапсу, яго сабралі 9 тысяч 156 тон пры сярэдняй ураджайнасці 27,9 цэнтнера з гектара. Добра працавалі з гэтай культурай у КСУП “Сугвазды-Агра”, ААТ “Багданаўскае”, КУП “Сівіца”, КСУП “Падбярэззе”, СВК “Пяршаі-2003”.

Стабільнымі прыбыткамі ўвянчалася работа цукровай галіны. Сёлета буракі былі пасеяны на 2860 гектарах, і пры сярэдняй ураджайнасці 395 ц/га валавы збор перасягнуў адзнаку ў 100 тысяч тон. Бясспрэчнае першынство ў гэтым вытворчым спаборніцтве належыць СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, ААТ “Багданаўскае” і СВК “Пяршаі-2003” – у гэтых гаспадарках ураджайнасць склала 534, 487 і 442 ц/га адпаведна. Займеў раён і рэальную магчымасць нарошчваць аб’ёмы жывёлагадоўчай прадукцыі. На зіму грамадскі статак травянымі кармамі забяспечаны цалкам, а гэта значыць, вырастуць і надоі, пашырыцца мясная вытворчасць. Дарэчы, поспехі ў вытворчасці малака сёлета спадарожнічалі васьмі сельгасарганізацыям раёна, яшчэ дванаццаць спрацавалі з дадатнымі вынікамі па мясу. У цэлым за 10 месяцаў заданне па тэмпах росту валавай прадукцыі выканалі КСУП “Падбярэззе (125,7% пры плане 112%) і ААТ “Багданаўскае (115,2% пры заданні 114%).

Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання ўжо сёння распрацоўваюць стратэгію развіцця галіны на перспектыву з улікам шматлікіх прадыктаваных часам патрабаванняў. І становіцца зразумела, што наперадзе яшчэ велізарны пласт работы. Каб прадукцыя аграпрамысловага комплексу не губляла канкурэнтаздольнасці, на першы план выступае задача павышэння яе якасці пры адначасовым зніжэнні сабекошту. Выйсцем бачыцца работа па навядзенні парадку на зямлі, павышэнні яе ўрадлівасці, прыцягненні ў сельскагаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых тэрыторый. У сукупнасці гэта дазволіць умацаваць эканоміку саміх прадпрыемстваў і навучыць гаспадаркі працаваць на ўмовах самафінансавання. Павысіць малочную і мясную прадукцыйнасць сёння можна дакладным пераглядам структуры кармавой вытворчасці – а значыць, багатыя на пажыўныя рэчывы культуры зоймуць большыя плошчы ў структуры севазвароту. Адзін з самых важных аспектаў таксама – завяршэнне рэканструкцыі малочнатаварных фермаў, устаноўка там сучаснага абсталявання. Відавочна, будзе запатрабавана і адпаведная падрыхтоўка кадраў.

Вёска заўсёды выступала своеасаблівай школай руплівасці і гаспадарлівасці. Таму існуе цвёрдая ўпэўненасць, што пастаўленыя задачы будуць выкананы. Гэта дасць чарговы штуршок для павышэння прадукцыйнасці ўсёй сельскай гаспадаркі, а значыць – і дабрабыту вяскоўцаў.

Сёлета аграрыі Валожыншчыны вырасцілі і сабралі больш за 100 тысяч тон зерня ў бункернай вазе. Значны ўклад у раённы каравай зрабілі хлебаробы СВК “Пяршаі-2003”: дзякуючы іх намаганням сабрана 10 тысяч 338 тон збожжа.

Самымі ж ураджайнымі зерневымі палямі ў бягучым годзе сталі палеткі СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”. Гэтая гаспадарка павялічыла валавы збор зерня да 2011 года на 49,6 працэнта і намалаціла 6 тысяч 639 тон пры сярэдняй ураджайнасці 55,1 цэнтнера з гектара.

На наступны год перад сельгаскааператывамі пастаўлены сур’ёзныя задачы: па вытворчасці малака неабходна выйсці на паказчык 54 тысячы тон, мяса – 4,9 тысячы тон. Плануецца дасягнуць прыросту і ў вытворчасці зерня – сабраць 100 тысяч тон у вазе пасля дапрацоўкі, забяспечыўшы пры гэтым ураджайнасць не менш за 45 цэнтнераў на круг. Дасягнуць такіх вынікаў дапаможа глыбокая мадэрнізацыя сельгасвытворчасці.

Пётр ЖАЛНЯРОВІЧ,

першы намеснік старшыні райвыканкама,

начальнік райсельгасхарчу.

 



Добавить комментарий