РУКІ КЛАПАТЛІВЫЯ ПРАЦЫ НЕ БАЯЦЦА

Общество

А. М. Язерская – адна са старэйшых работнікаў малочнатаварнай фермы “Подберазь”. Чвэрць стагоддзя жанчына працуе на адным з самых адказных участкаў гаспадарчай дзейнасці – дарошчванні цялят. Багаты вопыт дае адпаведны плён: на папячэнні Аляксандры Мікалаеўны 246 гадаванцаў, а дзякуючы клапатліваму догляду за месяц яны прыбаўляюць у вазе ў сярэднім па 515 грамаў.

Большай часткай мне стала зразумелай працавітая натура маёй субяседніцы пасля аднаго яе кароткага выказвання. “Работы сёння, вядома, стае, – зазначыла жанчына. – Але сам працэс значна спрасціўся. Прывагі забяспечвае збалансаваны рацыён, значна аблягчае працу кормараздатчык. Растуць цяляткі, не так ужо і шмат да сябе ўвагі патрабуючы. А памятаю, як у гаспадарку здавалі цялят вяскоўцы – вось за кім патрэбны быў сапраўдны догляд! Часам і па дваццаць галоў за дзень прымала. Некаторых адымалі ад каровы зусім малымі, нават смактаць толкам не ўмелі – пыскамі толькі бесталкова тыкаліся ў далонь…” Такіх Аляксандра Мікалаеўна цярпліва прывучала да соскі, і ўжо праз некалькі дзён цыбатыя “пярэсцікі”, смешна ўзбрыкваючы тонкімі нагамі, стрымгалоў імчалі па чарговую порцыю пажыўнага пітва да новай знаёмай, чые рукі смачна пахлі пяшчотай і матуліным малаком.

Сёння Аляксандра Мікалаеўна – адна з лепшых работнікаў КСУП “Падбярэззе”. Атуліць клопатам падрастаючае пагалоўе ёй дапамагаюць муж Васіль Андрэевіч і абодва сыны. Дарэчы, на іншых фермах гаспадаркі завіхаюцца і сёстры жанчыны… Цэлая сямейная дынастыя шчыруе, каб будучыя кароўкі-карміцелькі стабільна прыбывалі ў росце і вазе, не ведалі хвароб. Для гэтага неабходна, каб статак у больш чым дзве з паловай сотні асобін быў пад пастаянным наглядам. А дома ж і ўласная гаспадарка “квохча-рохкае-мукае” – адным словам, патрабуе непасрэднай увагі і вялікага кавалка самаадданай працы… Спраўляюцца, вядома ж, і не лічаць гэта за нейкія высілкі. Так жылі іх дзяды і бацькі, так жывуць і самі – проста, няхітра, але па-вясковаму разважліва і годна. Як і належыць жыць гаспадарам.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий