АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА СНЕЖАНЬ 1967 ГОДА

Культура

СПАБОРНІЦТВЫ ЖЫВЁЛАВОДАЎ

Вынікі за 11 месяцаў:

Лепшыя даяркі:

Алімпіяда Васільеўна Мамонька (калгас “17 верасня”) ад 13 кароў надаіла па 3581 кілаграму малака.

Юзэфа Адамаўна Багдановіч (калгас “Верны шлях”) ад 9 кароў надаіла па 3563 кілаграмы малака.

Вера Аляксандраўна Балашка (калгас “17 верасня”) ад 11 кароў надаіла па 3420 кілаграмаў малака.

Лепшыя даглядчыкі цялят:

Канстанцін Аляксеевіч і Вера Сцяпанаўна Альшэўскія (калгас “Верны шлях”) адкормліваюць па 39 цялят, сярэднясутачная прывага кожнага па 830 грамаў.

Марыя Антонаўна Бухвал (саўгас “Радзіма”) выгадавала 49 цялят.

ГРАМАТЫ І ДЫПЛОМЫ АД МІНІСТЭРСТВА

За высокія паказчыкі ў рабоце па абслугоўванні кнігай насельніцтва ў перыяд Усесаюзнага грамадскага агляду бібліятэк Міністэрства культуры БССР узнагародзіла Ганаровай граматай загадчыцу раённай бібліятэкі Р. І. Макей.

Дыпломам II ступені адзначана Суднікоўская сельская бібліятэка.

За актыўны ўдзел у Выстаўцы самадзейнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечанай 50-годдзю Савецкай улады, Міністэрства культуры БССР узнагародзіла Дыпломам I ступені самадзейных мастакоў з Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі: Б. А. Сасноўскага, В. П. Карунова, І. І. Целяшэўскага і І. М. Малчановіча.

З ДАЯРАК – У ДЭПУТАТЫ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА

“Мае бацькі, цёмныя непісьменныя сяляне-беднякі, і не марылі, што іх дачка калісьці будзе членам урада.

Савецкая Канстытуцыя прадаставіла кожнаму грамадзяніну права на працу, адукацыю, адпачынак, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці. Я закончыла школу, працавала ў родным калгасе даяркай, затым мяне прызначылі загадчыцай жывёлагадоўчай фермы.

Цяпер я, простая калгасніца, выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Нельга перадаць словамі тое пачуццё радасці, якое валодае мной кожны раз, калі я прыязджаю на сесію. Рука аб руку там сядзяць вучоны і калгаснік, рабочы і акадэмік, інжынер і даярка, урач і звеннявая. І ўсе яны маюць аднолькавыя правы, аднолькава рашаючы голас. Хіба ж гэта не шчасце!

За ўсё, што сёння маю, ад усяго сэрца хачу сказаць вялікае дзякуй табе, дарагая Радзіма!” – Ф. Сліж, загадчыца жывёлагадоўчай фермы калгаса імя Чапаева, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.

ІВЯНЕЦКІЯ БЫТАВІКІ – ВЫДАТНЫЯ ПРАЦАЎНІКІ

Значнага поспеху на працоўнай вахце юбілейнага года дабіўся калектыў Івянецкага камбіната бытавога абслугоўвання. За год тут асвоілі 13 новых відаў бытавых паслуг, у тым ліку металабытрамонт, выраб і рамонт трыкатажу.

Майстэрні камбіната знаходзяцца ў некалькіх населеных пунктах раёна – у Ракаве, Камені, Карзарэзах і інш. У кожнай з іх ёсць выдатныя працаўнікі, правафланговыя спаборніцтва. Гэта закройшчыца Ракаўскай майстэрні, ударнік камуністычнай працы Я. І. Галалоб, абутнікі А. І. Сасноўскі, А. І. Фелістовіч, У. М. Галалоб. Да залатога юбілею роднай улады В. І. Пятруцік, Н. І. Шафарэвіч і А. І. Сасноўскі ўзнагароджаны значком “Выдатнік службы быту БССР”.

ВАНДРОЎКА НА КУБУ

З паездкі на Кубу вярнулася група турыстаў нашага раёна.

Гэта старшыні праўленняў сельгасарцеляў «Верны шлях» – дэпутат Вярхоўнага Савета СССР С. П. Супрон, “17 верасня” – С. Д. Сіпач, імя К. Маркса – К. В. Захарэвіч, “Чырвоны партызан” – В. І. Васілеўскі. Яны некалькі тыдняў знаёміліся з жыццём братняга кубінскага народа.

Другая група нашых турыстаў вярнулася з паездкі па Польшчы і Чэхаславакіі.

 

НА РАЁННАЙ АРБІЦЕ

Слава Беларускага Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы вядома не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. З хваляваннем чакалі сустрэчы з артыстамі Купалаўскага жыхары Валожына. Такая сустрэча адбылася. Госці паказалі валожынцам спектакль “Мой бедны Марат” па п’есе Арбузава.

Новыя гатункі кансерваў з агародніны і фруктаў асвоены на Івянецкім кансервавым заводзе. У масавую вытворчасць запушчаны салат “Нежанскі”, сокі чырвоных парэчак і журавін з цукрам, клубніцы, перацёртыя з цукрам.

Заправачная станцыя пабудавана ў сельгасарцелі “Верны шлях”. Тут дзве калонкі: бензінавая і з дызельным палівам. Новай заправачнай станцыі асабліва рады калгасныя механізатары. Раней пры запраўцы тэхнікі з бочак вялікая колькасць гаручага разлівалася. Цяпер гэта пагроза ліквідавана. Да мінімуму зменшаны затраты часу на запраўку машын.

Будаўніцтва спартыўнага стадыёна пачалі школьнікі і камсамольцы вёскі Вішнева. Яны выраўнялі 400-метровую пляцоўку, праклалі на ёй бегавыя дарожкі. Вакол пляцоўкі высаджана 300 дэкаратыўных дрэўцаў.

Багацее калгас “Верны шлях”. Гэта дазваляе праўленню арцелі адпускаць усё большыя сродкі на культурна-масавую работу. Для спартсменаў калгаса куплена прыгожая форма. Нядаўна набыты камплект інструментаў для духавога аркестра. Пад кіраўніцтвам Сцяпана Сідаравіча Віткоўскага 17 хлебаробаў арцелі авалодваюць майстэрствам ігры на гэтых інструментах.

Валожынскай музычнай школе – 10 год. У школе працуе адзінаццаць педагогаў, якія дабіваюцца нядрэнных паказчыкаў у вучэбнай падрыхтоўцы дзяцей. За першую чвэрць няма ніводнага адстаючага навучэнца. За выдатныя поспехі ў вучобе і добрыя паводзіны Ірына Пазновіч, Галіна Ліхач, Наташа Кіпель, Глеб Глебаў, Іван Ракавец, Галя Грабоўская, Святлана Таўгень узнагароджаны Пахвальнымі граматамі школы.

 

ЛЯЛЕЧНЫ ТЭАТР

У Пяршайскай сярэдняй школе працуе лялечны гурток, якім кіруе Заслужаная настаўніца школ БССР Галіна Мікалаеўна Курдо.

Лялечны гурток – самы любімы і папулярны ў школе. З пачатку яго арганізацыі тут займаюцца Тарэса Мянцюк, Часлаў Жыдаловіч, Марына Радына. Гурткоўцы самі шыюць лялькі і касцюмы да іх, са спектаклямі выступаюць у сваёй школе і перад працаўнікамі мясцовага калгаса.

 

ПТУШКАВОДЫ ТРЫМАЮЦЬ ПЕРШЫНСТВО

Калектыў Івянецкай птушкафабрыкі займае адно з першых месцаў у спаборніцтве птушкаводаў рэспублікі. За высокія вытворчыя паказчыкі фабрыка зацверджана ўдзельнікам ВДНГ СССР.

Птушкафабрыка пастаўляе племянных куранят птушкагадоўчым гаспадаркам. Значных поспехаў дабілася лепшая птушніца Адальфіна Паўлаўна Ляўковіч. З пачатку года яна атрымала ад кожнай з 3500 курыц-нясушак па 229 яек. Добрыя паказчыкі ў птушніцы Тарэсы Антонаўны Бурак.

 

ПЁТР КЕЗІК – ЛЕПШЫ ДАЯР

Больш за дзесяць гадоў Пётр Раманавіч Кезік працуе жывёлаводам.

Доўгі час ён даглядаў цялят у сельгасарцелі імя Чапаева. Многія з яго гадаванцаў папоўнілі дойны статак калгаса, сталі высокаўдойнымі каровамі. Два гады таму Пётр Раманавіч стаў даяром. Ён падрыхтаваў для ацёлу групу маладняку бура-латвійскай пароды. Даглядае першацёлак і атрыманы ад іх прыплод. Ад кожнай з дзесяці кароў сваёй групы за адзінаццаць месяцаў ён надаіў па 2915 кг малака, сутачны надой ад каровы – 4-5 кг.

НА ДАПАМОГУ ПРЫЙШЛІ СЯБРЫ

Лепшы падарунак піянераў любімай Радзіме – выдатная вучоба. Кожная нездавальняючая адзнака ў дзённіку – гэта надзвычайнае здарэнне ў піянерскім актыве.

У 5 “А” класе Пяршайскай школы больш за палову вучняў атрымлівалі “тройкі”, часам – “двойкі”. Асабліва дрэнна займаўся Міша Пташнік. Не ладзілася ў яго з нямецкай мовай. На дапамогу сябру прыйшоў Іосіф Яблонскі. Хлопчыкі сталі разам рыхтаваць урокі. Праз палову месяца справы пайшлі на лад і хлопчыкі шчыра радаваліся першай Мішынай “чацвёрцы”. Віцю Балашку дрэнна давалася геаграфія. Тэрмінова ўзнялі пытанне на савеце атраду. Выявілася, што ён проста ленаваўся рыхтаваць урокі. У хуткім часе Віця выправіўся.

У МАЙСТЭРНІ “ПРАПІСАЎСЯ” СКРАЗНЯК

Быццам не чакалі зімы ў калгасе імя Чапаева. Вароты майстэрні ззяюць вялікімі шчылінамі. У памяшканні гуляе скразняк. Мароз хапае за рукі, забіраецца пад фуфайку. І работнікі бягуць у суседняе памяшканне, працягваюць рукі да кавальскага горна.

Нягледзячы на мароз і пастаянныя скразнякі ў памяшканні, недахоп запчастак і жалеза, трактары рамантуюць па плане.

У майстэрні саўгаса “Падбярэззе” ўмовы яшчэ горшыя. Тут рамантуюць тэхніку ў памяшканні былой канюшні. Тут у столі адтуліна, у фундаменце шчыліны. Можа здацца, што яны служаць уваходам у майстэрню. Каб хоць трохі сагрэцца, работнікі кінулі анучу ў вядро з саляркай і падпалілі яе. Аб якіх тэмпах і якасці падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых работ можа ісці размова, калі адсутнічаюць элементарныя ўмовы для работы людзей?

КРАПІВОЙ ПЯКУЧАЙ

Фільмы па-галімцаўску. Хто з вас, паважаныя чытачы, глядзеў кінафільмы “ўверх нагамі”? Напэўна, нямногім “пашчаслівілася” ўбачыць гэтае цуда, акрамя жыхароў вёскі Галімцы Падневіцкага сельсавета. Тут быў вельмі “адукаваны” кінамеханік. Але пакруціўшы такім макарам некалькі кінафільмаў, малады “спецыяліст” знік. З той пары кінафільмы ў вёсцы не дэманструюцца, аб чым, напэўна, забылася дырэкцыя галаўнога кінатэатра.

Два ў рэчкі берагі. Бабровічы – вёска як вёска, а мост – не дай бог які. Ні праехаць, ні прайсці. А калі хто праедзе ці пройдзе, то потым будзе праклінаць яго. Два гады ўжо цягнецца гэта. Вяскоўцы звярталіся і да старшыні сельсавета, і да старшыні калгаса. Але яны, як два маўклівыя берагі.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий