ЖЫЦЦЁ ПРАЖЫЦЬ, НЕ ПОЛЕ ПЕРАЙСЦІ

Культура

Мне часта прыгадваецца перыяд біяграфіі, звязаны з працай на зямлі. Гэтымі ўспамінамі і хачу сёння падзяліцца з чытачамі раённай газеты.

Гісторыя першая: вытворчая

…Да 1957 года калгасы ў сваёй уласнасці не мелі землеапрацоўчай тэхнікі. Уся тэхніка знаходзілася ў МТС (машынна-трактарнай станцыі). А такіх на тэрыторыі раёна было створана дзве. Адна размясцілася ў Шапавалах. Яна абслугоўвала калгасы валожынскай зоны. Другая знаходзілася ў Вішневе на месцы колішняга ліцейнага завода і абслугоўвала суседнія гаспадаркі. Былі сфарміраваны і трактарныя брыгады, якія на час палявых работ накіроўваліся ў калгасы для выканання адпаведных сельгасработ. Адна брыгада на адзін калгас. Яна складалася з чатырох трактароў і адпаведнай прычапной тэхнікі, бо тады яшчэ не было гідраўлікі. Кожны трактар абслугоўвалі два трактарысты і два прыцэпшчыкі. Брыгадзірамі ж, якія з цяжкасцю пісалі сваё прозвішча і найчасцей з малой літары, назначалі ў асноўным з ліку трактарыстаў. У адну такую брыгаду быў накіраваны і я, калі ўладкаваўся на працу ў Вішнеўскую МТС.

Мой вытворчы абавязак – бесперабойная работа брыгады. Бензавозаў тады гаспадаркі не мелі. Мне калгас выдзеліў “возчыка”, які кожны дзень ехаў з бочкай у МТС. Папярэдне я выпісваў патрабаванне на паліва і запчасткі. І так амаль штодня.

У абавязкі ўваходзіла і наступнае: праз 10 дзён рабіць справаздачу і здаваць яе ў МТС. Для гэтага трэба было прымаць работу ад кожнага трактарыста, выкананае ўзгадняць з кіраўніцтвам калгаса. Бо асцерагаліся прыпісак, і з майго боку, відаць, таксама. У мае абавязкі ўваходзіла і спісанне паліва, іншых матэрыялаў, налічэнне зарплаты ўсім членам брыгады, а ўсіх было 18 чалавек. Усе шматлікія справаздачы трэба было здаць галоўнаму бухгалтару для праверкі. І толькі пасля гэтых працэдур выплачвалі зарплату.

Мне калгас выдзяліў памяшканне пад склад, куды возчык спраўна выгружаў бочкі з палівам і запчасткі. Былі і трактары, якія працавалі на керасіне. Гэты від паліва заўсёды знаходзіўся пад пільным кантролем. І не выпадкова. Бо тады яшчэ не было электрычнага святла, вяскоўцы карысталіся керасінавымі лямпамі. Здаралася ўсялякае: “выручаў” некаторых бедных людзей, а некаторыя і самі “прыхватызоўвалі” дэфіцытнае паліва.

…Прычапныя плугі былі нізкай якасці, аснова літая – чыгунная, пры сутыкненні з каменнем, такія плугі часта ламаліся. А камянёў на нашых палях было з лішкам. Таму для бесперабойнай работы тэхнікі ў полі, я заўсёды стараўся мець усё ў запасе ў складзе пад замком. Мая брыгада спраўлялася з выкананнем задання добра, калі не сказаць, што выдатна. І гэта мяне вельмі цешыла.

Гісторыя другая: выхаваўчая

Прыгадаю і такую досыць павучальную гісторыю. Аднойчы мы выйшлі ў поле рана, як толькі сышоў снег. Вясна 1955 года стаяла спешная і цёплая. Надышоў Вялікдзень. Але хочаш ці не, а павінен быць на працы. Адзін з маіх падапечных трактарыстаў “загуляў”, дык я быў вымушаны яго замяніць, каб падрыхтоўка да сяўбы не прыпынялася, каб не даведалася пра прагульшчыка кіраўніцтва калгаса.

Займаліся мы тады ворывам пад яравыя культуры. Участак поля размяшчаўся блізка ад хутара цесця майго “прыцэпшчыка”. Ён мне прапанаваў схадзіць да яго цесця на абед, каб там разам адзначыць Велікоднае свята. Я згадзіўся, хаця пасілак у сумцы меў, бо мы працавалі суткамі…

Прыйшлі, прывіталіся. Гаспадар прынёс бутэльку з нагоды свята, гаспадыня прыгатавала ежу. Частавалі толькі зяця. На мяне свядома ніхто не звяртаў ніякай увагі. Зяць быў малады, таму яшчэ саромеўся сваёй новай радні, ён лічыў нясціплым распараджацца ў чужой хаце.

Я ціхенька сядзеў і чакаў, пакуль яны за сталом свята адзначалі. Калі скончылі, пайшлі мы працягваць сваю працу ў полі.

Два дні я падмяняў трактарыста. Пра прагульшчыка так ніхто і не даведаўся.

На наступны год мне трэба было ісці ў армію, разышліся сцежкі-дарожкі з маім сябрам па працы.

…Бацькі рашылі прадаць адну карову, бо без маёй дапамогі дзве рагулькі ім будзе трымаць зацяжка. Знайшоўся пакупнік, яму і збылі кароўку. Разлічыліся. І, як водзіцца ў добрых людзей, паставілі барыш. У гэты ж дзень, з намерам купіць кароўку, прыйшоў і цесць майго былога “прыцэпшчыка”, у хаце якога мне аднойчы давялося пабываць на Велікодныя святы. Я сказаў яму, што ўжо позна, бо карова прададзена. Ён крыху засмуціўся. Я падбадзёрыў гэтага чалавека: запрасіў да нас за стол на барыш. Ён спачатку рашуча адмаўляўся. Можа прыйшло на памяць, як мяне вясной “частаваў” у сваёй хаце. Доўга марудзіў, раздумваў, але ўсё ж нарэшце прысеў да стала. А пасля і ўставаць не спяшаў…

Праз некалькі дзён я пайшоў на армейскую службу. А пасля звальнення ў запас доўгі час не сустракаў свайго сябра – былога прыцэпшчыка. Прамінулі гады. Аднойчы мы выпадкова сустрэліся. Ён пацікавіўся ў мяне, што я сказаў яго цесцю, калі той прыйшоў купіць у нас карову. Я адказаў, што нічога ўвогуле не гаварыў, ні ў чым не папракаў, толькі ветліва запрасіў яго на барыш. Сябар мне расказаў, што цесць з той пары вельмі змяніўся, ён цяпер паважае ўсіх людзей.

Выходзіць, што чалавек вучыцца і на сваіх горкіх памылках, а не толькі на чужых!

Эдвард ДОВАЛЬ,

жыхар вёскі Запур’е.

 



Добавить комментарий