ЁН БЫЎ ВУЧНЕМ ЗНАКАМІТАГА ПЭНА

Культура

Былі часы, калі прафесія мастака лічылася не толькі не прэстыжнай, а нават не здольнай пракарміць сям’ю. У патрыярхальных яўрэйскіх мястэчках многія былі перакананы, што мастакі – гэта “страчаныя” людзі. Але сваім творчым лёсам Ісак Іосіфавіч МІЛЬЧЫН абверг гэта катэгарычнае сцвярджэнне. Нарадзіўся мастак у 1894 годзе ў Івянцы…

Творчыя Універсітэты

У пятнаццаць гадоў І. Мільчын паступіў вучыцца ў Рысавальную школу мастака Кругера, якая знаходзілася ў цэнтры Мінска ў доме Венгржэцкага. Гэты будынак не захаваўся да нашых дзён. На яго месцы па праспекце Незалежнасці, 23 цяпер знаходзіцца іншы жылы будынак.

Адначасова з нашым таленавітым земляком гэту школу наведвалі пачынаючыя мастакі, якія праз нейкі час сталі знакамітымі, у прыватнасці, Хаім Суцін.

У 1911 годзе І. Мільчын працягваў вучобу ў Берлінскай мастацкай школе. Аднак Першая сусветная вайна прымусіла мастака вярнуцца дадому.

Тут вырасла пышнае дрэва жывапісу

Вучыўся ён і ў знакамітай Школе малявання і жывапісу мастака Іегуды Пэна ў Віцебску. Названая школа праіснавала 21 год.

Пэн стаў першым настаўнікам цэлай плеяды мастакоў. Сярод якіх варта вылучыць Марка Шагала.

Шматгадовымі самаадданымі намаганнямі Пэна была створана тая спрыяльная творчая атмасфера, у якой змагло вырасці пышнае дрэва жывапісу.

«Пэна я люблю, – пісаў пазней Марк Шагал у сваёй кнізе «Маё жыццё». – Так і бачу яго сілуэт – дрыготкі, невыразны. Я памятаю пра яго заўсёды, як я памятаю пра бацьку. Раз-пораз праходзіць ён у маіх успамінах па ціхіх пустэльных вуліцах роднага горада… Колькі разоў, прыходзячы да яго, я гатовы быў яго ўпрошваць: «Не трэба мне ніякай славы, стаць бы толькі такім ціхім умельцам, як вы. Заўсёды заставацца з вамі, побач, у вашай хаце, – ну хоць карцінай павіснуць сярод вашых карцін!».

Апошняе, дарэчы, спраўдзілася: выдатны партрэт маладога М. Шагала работы І. Пэна знаходзіцца ў экспазіцыі Беларускага мастацкага музея ў Мінску.

Перыяд творчай сталасці

Нагадаем яшчэ некалькі фактаў з біяграфіі мастака Ісака Іосіфавіча Мільчына. Ён быў членам Усебеларускага аб’яднання мастакоў.  Названае аб’яднанне садзейнічала арганізацыі выстаў, студый і г. д.

Свае творы наш зямляк Ісак Іосіфавіч упершыню паказаў на 3-й Усебеларускай выставе ў Мінску ў 1929 годзе.

У трыццатыя гады ён зарэкамендаваў сябе як тэатральны мастак, аформіўшы шэраг спектакляў.

Адна з карцін І. І. Мільчына – «Пахаванне ў мястэчку» – знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Пра іншыя яго работы нам, на жаль, нічога не вядома. Ці то загінулі яны ў гады вайны, ці то былі вывезены акупантамі ў Еўропу і цяпер знаходзяцца ў музеях ці прыватных калекцыях?

Яго таленавітай рукой былі напісаны такія карціны як “Яўрэйскія тыпы», «Вяселле», графічны цыкл «Яўрэйскія мястэчкі».

У 1941 годзе  47-гадовы мастак разам з жонкай і дачкой трапілі ў Мінскае гета. Іх тут напаткаў жахлівы лёс…

БАЦЬКАВЫ ГЕНЫ ПЕРАДАЛІСЯ СЫНУ

Творчую справу бацькі працягнуў яго сын Леў. Хлопчык маляваў з юных гадоў. Не выпадкова бацькі аддалі яго ў мастацкую школу, у якой ён быў першым вучнем. Пасля вучобы ў Мінску, Леў адправіўся ў Маскву, дзе паступіў вучыцца ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі.

У гады вайны ён запісаўся дабравольцам на фронт, але дэкан факультэта адправіў таленавітага студэнта ў эвакуацыю ў Алма-Ату, дзе Л. І. Мільчын і скончыў інстытут. Там жа ён пачаў працаваць мастаком натурных здымак, выкладаў у інстытуце карыкатуру і шарж.

Вярнуўшыся ў Маскву, Леў Ісакавіч пачаў працаваць на кінастудыі «Саюзмультфільм».

Зорнай гадзінай для Л. Мільчына стала запрашэнне для ўдзелу ў стварэнні поўнаметражнага мультфільма «Канёк-Гарбунок» (1947) – аднаго з шэдэўраў савецкага маляванага кіно. А потым – ні год без карціны. Ён плённа працаваў і ў кніжнай графіцы.

Прыступаючы да работы над камедыяй «Жаніцьба Бальзамінава», стваральнікі некалі папулярнага фільма таксама забяспечылі поспех карціне дзякуючы творчай працы мастака-пастаноўшчыка Льва Ісакавіча.

Матэрыял да друку падрыхтаваны па інтэрнэт-рэсурсах.

 

Апошняе, дарэчы, спраўдзілася: выдатны партрэт маладога М. Шагала работы І. Пэна знаходзіцца ў экспазіцыі Беларускага мастацкага музея ў Мінску.



Добавить комментарий