АЛЕЙ З ВАЛОЖЫНСКАЙ МАРКАЙ

Общество

У бліжэйшым будучым валожынскі льнокамбінат выйдзе на рынак з новым відам прадукцыі – харчовым ільняным алеем.

На сённяшні дзень практычна скончаны мантаж і настройка абсталявання, сфарміраваны калектыў новага цэха. Па заканчэнні афармлення адпаведных дакументаў у сферы санітарна-гігіенічнага нагляду, стандартызацыі, сертыфікацыі і некаторых іншых новы каштоўны харчовы прадукт з валожынскай маркай убачыць свет.

Іна ДАРОШКА – лабарант новага цэха па вытворчасці і разліве харчовага льнянога алею. Ураджэнка Валожына, выпускніца Мінскага дзяржаўнага каледжа харчовай прамысловасці, яна прыйшла на прадпрыемства адносна нядаўна. З пачатку будаўніцтва новай вытворчасці прымала непасрэдны ўдзел у работах, уносячы свой уклад у яе станаўленне. Цяпер кіруе абсталяваннем лабараторыі і яе падрыхтоўкай да афіцыйнай атэстацыі. У задачы І. Дарошкі будзе ўваходзіць пастаянны кантроль за колькаснымі і якаснымі паказчыкамі сыравіны і гатовага прадукту на ўсіх стадыях вытворчасці.

«Для таго, каб атрымаць ільняны алей з тымі карыснымі якасцямі, пра якія часта даводзіцца чуць, неабходна дакладна вытрымаць усе тэхналагічныя параметры, – тлумачыць Іна Дарошка. – Лабараторыя будзе кантраляваць у першую чаргу якасць сыравіны – утрыманне вільгаці ў насенні, колькасць прымесяў і некаторыя іншыя. Важным з’яўляецца і кантроль за фізічнымі і арганалептычнымі паказчыкамі атрыманага алею. Менавіта ад іх будуць залежыць такія важныя ўласцівасці прадукту, як смак і тэрмін захавання».

Тэкст і фота

Андрэя ЗАХАРАНКІ.

 



Добавить комментарий