Даходы з «гарачых» крыніц

Закон и порядок

Восенню супрацоўнікі міліцыі спынілі запрэжаны нязграбным рудым каньком вазок, што нетаропка рухаўся ў вячэрнім прыцемку па вёсцы Вішнева. Сярод небагатага сельскагаспадарчага начыння, што везлі з сабой двое яго пасажыраў, знайшлася паўтаралітровая пластыкавая бутэлька, поўная моцнага самаробнага алкаголю. Аб яго паходжанні не надта засмучаныя вяскоўцы паведамілі, што набылі самагон у незнаёмага чалавека.

Дзіўнае тлумачэнне паходжання алкаголю, які ледзь не штодзень у большай ці меншай колькасці канфіскуецца праваахоўнікамі па ўсім раёне ў «аматараў», не толькі не здзіўляе, але ж і пастаянна фігуруе нават у афіцыйных дакументах. Пытанне ж, адкуль у вёсцы, дзе ўсе ўсіх ведаюць, прычым далёка не ў першым пакаленні, можа ўзяцца «невядомы чалавек», вырашаецца проста. Любіцелі даступнай выпіўкі пакрываюць сваіх «пастаўшчыкоў». Але ж у вішнеўскай гісторыі нават гэта не выратавала незаконнага прадпрымальніка, які ў парушэнне шматлікіх норм вырабляў «вадкую валюту».

Расследаванне цягнулася менш за тыдзень. Ужо праз некалькі дзён прадстаўнікі закону завіталі ў адзін з двароў у вёсцы Букатова Вішнеўскага сельсавета. Менавіта сюды прывялі ніткі з таго клубка, які ўдалося разблытаць аператыўнікам.

«Прадпрымальнік» аказаўся жыхаром сталіцы. Жыццёвая сітуацыя, што не дужа спрыяльна склалася апошнім часам, прымусіла з’ехаць на Валожыншчыну, дзе ад бацькоў жонкі засталася хата. Тут і вырашыў мінскі госць наладзіць новы «бізнэс». Знойдзеныя міліцыянерамі самагонны апарат і семсот літраў брагі недвухсэнсоўна паказвалі на яго характар.

Хтосьці вучыцца на чужых памылках, а хтосьці – на сваіх уласных. Здавалася б, столькі разоў жыццё паказвала ўсім, што незаконная сцяжынка ніколі не прыводзіць да чаканага шчасця, рана ці позна збочваючы альбо да бяды, альбо да міліцэйскага пратакола. Тым не менш зноў і зноў ахвотнікі лёгкага здабытку выпрабоўваюць лёс. Эксперымент, праведзены ў вёсцы Букатова, прынёс адчувальны вынік у выглядзе адміністрацыйнай справы і штрафу ў памеры двух з паловай мільёнаў рублёў.

Нашы вёскі гасцінна прымаюць кожнага, хто вяртаецца ў іх, пашукаўшы шчасця ў вялікім свеце. Добра, калі людзі знаходзяць у старых бацькоўскіх хацінах спакой і адпачынак для душы. Але ж зусім іншая справа, калі схаваўшыся ад гарадскіх праблем, яны пачынаюць шукаць уласную выгаду, нажываючыся на слабасцях некаторых аднавяскоўцаў.

З пачатку года органамі правапарадку выяўлена 127 фактаў парушэння заканадаўства ў сферы незаконнага абароту алкаголю. Канфіскавана 572 літры самагону, 22500 літраў самагоннай брагі, знішчаны 61 самагонны апарат.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий