ГЭТА ІХ УТУЛЬНЫ ДОМ…

Официально

Сонца ўсім на планеце аднолькава свеціць, — спяваецца ў папулярнай песні. Аднак яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму такая з’ява як інваліднасць замоўчвалася. І адбывалася гэта з-за шматлікіх стэрэатыпаў у грамадстве і адсутнасці дакладнай аб’ектыўнай інфармацыі. Сёння гэта катэгорыя грамадзян з’яўляецца неад’емнай часткай нашага грамадства.

Людзі з рознымі фізічнымі і псіхічнымі абмежаваннямі ўзяты на ўлік, маюць ільготы, з імі праводзіцца адпаведная работа па сацыялізацыі і адаптацыі ў сучасным жыцці. А найбольш значным дасягненнем апошніх пяці гадоў стала тое, што ў кожным раёне пры ТЦСАН адкрыты аддзяленні для дзённага знаходжання інвалідаў. Сёлета першы пяцігадовы юбілей святкавала і Валожынскае аддзяленне.

Свой летапіс яно пачынае з 1 снежня 2007 года, калі было адкрыта спачатку на базе тэрытарыяльнага цэнтра. Пераезд у новы будынак аказаўся радасным і адначасова адказным. Новае памяшканне патрабавала рамонту, яно само, ды і тэрыторыя вакол не былі прыстасаваны для знаходжання тут інвалідаў. Пачыналі, як кажуць, з нуля, многае рабілі сваімі рукамі, шукалі спонсараў, дапамагалі і самі выхаванцы. Сёння ўсе памяшканні і тэрыторыя змяніліся да непазнавальнасці. Зручнасць і камфорт – вось дзве галоўныя характарыстыкі, якім яны адпавядаюць. Гэтым задаволены і выхаванцы, і іх бацькі, і самі работнікі. Аддзяленне стала для ўсіх сапраўдным утульным домам. Зараз тут працуюць гурткі, ёсць трэнажорная зала, у будучым плануецца стварыць аранжарэю.

Урачыстае мерапрыемства з нагоды юбілею адбылося на сцэне РЦК. Для тых 20 інвалідаў, якія штодня наведваюць аддзяленне, гэты дзень стаў святочным і запамінальным. Упершыню яны ўдзельнічалі ў касцюміраваным дэфіле на вялікай сцэне, адчулі шчырую падтрымку шматлікай глядацкай аўдыторыі. Самыя цёплыя словы адрасавалі ў гэты дзень работнікам аддзялення і іх выхаванцам кіраўнікі мясцовай вертыкалі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый-спонсараў, бацькі, калегі з суседніх Маладзечанскага, Стаўбцоўскага, Вілейскага раёнаў і інш. Не абышлося тут і без падарункаў. А найбольш запомніліся, напэўна, тыя музычныя і танцавальныя, што былі прадстаўлены на сцэне.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *