З імпэтам і акцёрскім густам…

Общество

Гарманічным акордам у творчым жыцці медыкаў раёна прагучаў “Асенні вальс”.

За права называцца лепшымі спаборнічалі пяць пар з Валожына і Івянца. Канкурсантам у творчым змаганні за глядацкія сэрцы прадстаяла пераадолець тры этапы – прадставіць сябе ў традыцыйнай “Візітнай картцы”, пастарацца пераўзысці іншых удзельнікаў у танцавальнай праграме і, нарэшце, пакарыць журы і залу кулінарным шэдэўрам. Кожная з пар прадэманстравала і добрае пачуццё гумару, і эстэтычны густ, і акцёрскае майстэрства…

Кампетэнтнай “судзейскай камандзе” – прадстаўнікам адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы – няпроста было вызначыць, каму аддаць заслужаныя лаўры. Трошкі пахваляваўшы гледачоў-балельшчыкаў, журы нарэшце агучыла імёны пераможцаў. Вышэйшую прыступку п’едэстала гонару занялі ўрач-рэнтгенолаг райпаліклінікі Павел Дрожжа і яго творчая “палавінка” – псіхолаг Настасся Залеская. На другім месцы апынуліся івянчане – вадзіцель “меддапамогі” Мечыслаў Бітэль і медсястра Валянціна Ахрэм. А замкнулі тройку лідараў фельчар хуткай дапамогі Руслан Марцінкевіч і медсястра Алена Кавэцкая. Зрэшты, ніхто з астатніх канкурсантаў таксама не быў пакрыўджаны, ім дасталіся прыз глядацкіх сімпатый, тытул “Самая абаяльная пара” і заслужаныя ўзнагароды. Вызначыліся і іншыя прадстаўнікі вялікай, дружнай медыцынскай сям’і раёна: яны з задавальненнем падарылі прысутным яркія, запамінальныя музычныя нумары.

Фота Алы ЛУКАШАНЕЦ.

 



Добавить комментарий