Праз прызму статыстыкі: сітуацыя на дарогах раёна ў лічбах

Закон и порядок

Валожынскае аддзяленне ДАІ паводле правіл і добрай традыцыі скрупулёзна вядзе статыстыку дарожных здарэнняў. І гэта невыпадкова. Некаторыя асаблівасці таго, што на самой справе адбываецца на дарогах раёна, можна ўбачыць толькі ў рэтраспектыве, параўноўваючы з адпаведнымі паказчыкамі за мінулыя гады. Нескладаны аналіз статыстычных зводак паказвае наступнае.

За дзесяць месяцаў бягучага года на дарогах раёна адбыліся 28 дарожна-транспартных здарэнняў. Іх ахвярамі сталі 40 чалавек, васьмёра з якіх загінулі, трыццаць два атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Тры аварыі адбыліся па віне нецвярозых вадзіцеляў.

У цэлым па краіне за названы перыяд адбыліся ажно 4154 зафіксаваныя дарожныя здарэнні. У абсалютным вымярэнні лічба ўражвае. Але ж паспрабуем падлічыць, як адносіцца колькасць аварый да агульнай колькасці насельніцтва. Аказваецца, у межах Беларусі адно ДТЗ прыходзіцца дзесьці на 2275 чалавек, тым часам як у раёне – усяго на 1275. Атрымліваецца, што ДТЗ на дарогах раёна ў адносінах да колькасці жыхароў адбываюцца ледзь не ў два разы часцей за агульнадзяржаўны ўзровень.

У раёне зарэгістравана каля дванаццаці тысяч адзінак аўтатранспарту, ва ўсёй Беларусі – больш за тры мільёны. Разлік паказвае, што верагоднасць для раённага транспартнага сродку трапіць у аварыю зноў амаль у два разы вышэйшая за яго гіпатэтычнага “сярэднебеларускага” сабрата. Простыя вылічэнні паказваюць таксама, што колькасць ДТЗ са смяротным зыходам у раёне складае ў бягучым годзе амаль 30%, пры тым што па краіне ў цэлым гэта лічба не пераўзыходзіць 20%.

Адносна мінулых гадоў усё часцей фіксуюць супрацоўнікі ДАІ такія парушэнні, як допуск да кіравання вадзіцеляў у нецвярозым стане на прадпрыемствах, а таксама выпуск няспраўных транспартных сродкаў на лінію. Падобныя факты неаднаразова назіраліся ў ААТ “Агра-Вішнеўскі”, “Агра-Доры”, “Суднікаўскі”, “Лоск”, КСУП “Сакаўшчына-Агра”, МАУП “Падбярэззе”, УП “Івянецкая Крыніца”. Зразумела, што падштурхоўвае гаспадаркі да падобных крокаў. Але ж ніякае выкананне планаў ці апраўданне прагнозаў не параўнаецца з вартасцю чалавечага жыцця, якое ставіцца ў такіх выпадках пад рэальную пагрозу. Асабліва палохаюць парушэнні гэткага кшталту, калі дапускаюцца яны не на палетках сельгаспрадпрыемстваў, а на гарадскіх вуліцах, дзе небяспецы падвяргаецца значна большая колькасць людзей. На жаль, ужо каторы раз інспектары выяўляюць нецвярозых вадзіцеляў за рулём транспарту, які належыць райспажыўтаварыству і льнокамбінату.

Аб чым гавораць прыведзеныя факты? Ці так усё дрэнна на валожынскіх дарогах? Для адказу лепш за ўсё зноў звярнуцца да статыстыкі. Найбольш паказальным выглядае параўнанне бягучага года з адпаведным перыядам мінулага. Аказваецца, агульная колькасць дарожных здарэнняў скарацілася на 30%, загінуўшых – на 42%, параненых – на 26%, аварый па віне нецвярозых вадзіцеляў – ажно на 50%. За дзесяць месяцаў 2012 года супрацоўнікамі ДАІ было выяўлена больш за сем тысяч парушэнняў Правіл (прыкладна па 23 парушэнні кожны дзень). Гэта на 14% менш за мінулагодні паказчык. Амаль палову колькасці спагнанняў, якія наклалі інспектары на парушальнікаў, дало перавышэнне дазволенай хуткасці аўтатранспартам. На другім і трэцім месцах – невыкарыстанне рамянёў бяспекі вадзіцелямі і пасажырамі транспартных сродкаў і парушэнне Правіл дарожнага руху пешаходамі.  Асобным напрамкам забеспячэння безаварыйнага руху з’яўляецца прафілактычная работа. Гледзячы на пазітыўную дынаміку ў лічбах, думаецца, што плён таго, што робіцца раённым аддзяленнем ДАІ ў гэтым рэчышчы, відавочны. Сутнасць праблемы ляжыць зусім не ў недастатковай колькасці нарадаў ДПС ці пасіўнасці раённага ДАІ, а ў абсалютна іншым месцы, а менавіта – у недастатковай свядомасці вадзіцеляў і пешаходаў, якія прымаюць удзел у дарожным руху.

Ёсць такая добрая звычка – думаць не толькі пра сябе самога, але ж і пра людзей навокал. Калі вадзіцель можа спыніцца пасярод дарогі, перагарадзіўшы шлях усім астатнім і без аніякага дакору сумлення рушыць у магазін, ці павярнуць на перакрыжаванні, не ўключыўшы светлавыя ўказальнікі, то відавочна, што ён гэткай звычкі не мае. І менавіта тут хаваецца прычына занадта высокай у працэнтных адносінах аварыйнасці на дарогах.

Чалавечае сумленне, свядомасць, выхаванасць выходзяць далёка за межы адказнасці дзяржаўтаінспекцыі. Калі сям’я, школа, грамадская думка ў цэлым не даюць чалавеку пачуцця адказнасці за свае ўчынкі, унутранай патрэбы клапаціцца аб іншых людзях, то ён не прадэманструе гэтых рыс і аказаўшыся за рулём аўтамабіля. Вось і атрымліваецца, што бяспека на нашых дарогах залежыць зусім не ад таго, колькі гадзін у суткі нясе службу інспектар ДАІ, а ад таго, якія мы самі і якімі растуць нашы дзеці.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий