У ІХ СЭРЦАХ КВІТНЕЮЦЬ ЛІЛЕІ…

Культура

Гэтым дзвюм простым вясковым жанчынам у самы раз прысвяціць гімн. І не таму, што яны нечым асаблівым вызначыліся. Яны проста вельмі працавітыя, сціплыя, цярплівыя, а самае галоўнае, умеюць процістаяць моцным і балючым ударам лёсу. І ніколі ў жыцці не наракалі на бяду, якая іх абедзвюх не аднойчы падсцерагала. Іх жыццё, паводзіны сталі сапраўднай школай дабрыні і міласэрнасці для дзяцей, сваякоў, многіх аднавяскоўцаў.

Так здарылася, што жыццё шмат гадоў таму звяло дзвюх зусім розных жанчын у адной вёсцы, парадніла, моцна павязала шчырай сяброўскай повяззю. Нават прозвішчы яны носяць аднолькавыя: засталіся ў спадчыну ад мужоў — родных братоў, якіх абедзве жанчыны ўжо пахавалі.

Старэйшая — Марыя Вікенцьеўна Радзівілка родам з Дзямідавічаў. Сям’я мела шмат дзяцей і жыла небагата, таму яшчэ ў дзяцінстве дзяўчынку забралі на выхаванне бабуля і дзядуля, што жылі ў Гародзьках. Яна і сёння ўспамінае іх з нейкай асаблівай цеплынёй і пяшчотай. Ад іх Марыя ішла замуж. У замужжы ёй вельмі пашчасціла, бо мясцовы хлопец Уладзімір аказаўся добрым, далікатным, гаспадарлівым чалавекам. Аднак лёсам ім было наканавана прайсці праз іншае выпрабаванне – у сям’і нарадзіўся сын-інвалід. Гэты момант падзяліў жыццё сямейнай пары на шчаслівае — да бяды і невядомае — пасля. Аднак нездарма кажуць, што дзеці, якія маюць нейкія абмежаванні па стане здароўя, надзвычай пяшчотныя, ласкавыя, нават выключна таленавітыя і здольныя. Сын падрастаў і радаваў бацькоў, хоць і не заўсёды мог выказаць свае пачуцці словамі, – бо амаль не размаўляў. Маршрут ад станцыі Гародзькі да Ждановічаў, дзе пазней вучыўся ў спецыяльнай школе сын Уладзімір (яго так назвалі ў гонар бацькі), Марыя Вікенцьеўна ведала да дробязяў, менавіта яна часцей за ўсіх яго наведвала. І ніколі бацькам не было сорамна: юнак добра вучыўся, авалодаў спецыяльнасцю. Потым уладкаваўся на працу на завод халадзільнікаў у Мінску. Неўзабаве атрымаў і аднапакаёўку. Дзіўна бывае чуць, як некаторыя бацькі скардзяцца на тое, што іх дзеці амаль не клапоцяцца пра іх, моцна занятыя, не маюць часу ні дапамагчы, ні нават проста даведацца пра здароўе. Уладзімір жа кожныя выхадныя прыязджаў да бацькоў, дапамагаў па гаспадарцы, на агародзе. Калі не стала мужа, ён аказаўся надзейнай апорай і падтрымкай для Марыі Вікенцьеўны. Вясной, летам і аж да самай восені іх палісаднік зіхаціць-пераліваецца ўсімі магчымымі колерамі кветак. Радуе і вялікі сад з мноствам пладовых дрэў, кустоў, вінаграднік. І ў гэтым заслуга не толькі маці, але і сына. Узорная чысціня ў доме, парадак ў двары, усё робіцца па-гаспадарску і своечасова. Хоць Уладзімір ужо сам даўно на пенсіі, амаль кожныя выхадныя па-ранейшаму спяшаецца ў бацькоўскі дом. А перад гэтым дзяўчына-суседка весела тэлефануе сваякам і паведамляе: “Перадайце Марыі Вікенцьеўне, каб чакала гасцей!” І тады сэрца маці напаўняецца радасцю ад хуткай сустрэчы з любімым сынам, а на стол збіраецца самы лепшы пачастунак.

Яе сяброўка і сваячка Галіна Рыгораўна — на сямнаццаць гадоў маладзейшая, жыве непадалёк, праз хату. Ёй пашчасціла нарадзіцца ўжо ў пасляваенны час, таму не зведала ліхалецця вайны, хоць і ў пасляваенныя гады вяскоўцам даводзілася таксама нялёгка. З будучым мужам пазнаёміліся на вечарынцы і пакахалі адзін аднаго з першага погляду. Хутка выйшла замуж і пакінула бацькоўскае гняздо, што ў родным Малым Запруддзі. Здавалася б, жыццё паступова наладжвалася: пабудавалі дом, займелі гаспадарку, радавалі здаровыя дзеці, а іх у сям’і нарадзілася трое. Гаспадыня шчыравала даяркай на малочнатаварнай ферме ў мясцовай гаспадарцы, а праз некаторы час стала яе загадчыцай. Аднак лёс зрабіў паварот: заўчасна пайшоў з жыцця муж. Потым не склалася сямейнае жыццё ў старэйшай дачкі Таццяны, якая вярнулася ў бацькоўскі дом з трыма сваімі дзецьмі. Таму шматгадовыя клопаты пра ўласных дзяцей для Галіны Рыгораўны паступова саступілі месца клопатам пра ўнукаў. Зараз Каця, Жэня і Саша амаль дарослыя і самастойныя, хтосьці вучыцца, хтосьці ўжо працуе. Аднак усе яны шчыра ўдзячныя маці і бабулі за тую цеплыню, ласку, пяшчоту, у якіх жылі ўсе гэтыя гады. А яшчэ Радзівілкі славяцца надзвычайнай працавітасцю – гультаёў сярод іх няма. Нікога і ніколі не трэба запрашаць да працы: ні дарослых, ні дзяцей. І пацвярджэнне гэтаму – вялікая гаспадарка, якую трымаюць і зараз.

Сёння Галіна Рыгораўна мае сямёра ўнукаў і ўжо нават праўнука. Але расказвае пра ўсё сямейнае асцярожна, быццам баіцца спужаць сваё шчасце, і ўвесь час у размове паўтарае: каб добрым часам сказаць, а благім прамаўчаць.

Калі ж усе хатнія справы пароблены, Марыя Вікенцьеўна і Галіна Рыгораўна спяшаюцца адна да другой у госці. І не было яшчэ такога дня, каб суседкі-сяброўкі не падзяліліся радасцю, не абмеркавалі тое, што ўсхвалявала і набалела, не пацікавіліся пра здароўе. У час камандзіроўкі жанчыны катэгарычна адмовіліся фатаграфавацца, спаслаўшыся на тое, што ўвесь дзень былі моцна занятыя і не паспелі прыбрацца ў святочныя строі. Затое ў якасці альтэрнатывы прапанавалі фотаздымак з сямейнага архіва, дзе яны разам у кветніку Марыі Вікенцьеўны любуюцца прыгожымі і пахучымі лілеямі. “У дажджлівую восеньскую непагадзь і халодныя зімовыя завеі гэты здымак нагадвае пра лета і па-сапраўднаму сагравае душу”, — зазначае Галіна Рыгораўна.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота з сямейнага архіва.

 



Добавить комментарий