МІНШЧЫНА РЫХТУЕЦЦА ДА ЮБІЛЕЮ

Общество

20 снежня ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва на тэму: «Мінскай вобласці – 75 гадоў: старонкі гісторыі і сучаснасці».

Міншчыну не выпадкова называюць сэрцам Беларусі. Яе гісторыя – неад’емная частка гісторыі краіны, дзяржавы і беларускага народа. Шлях станаўлення Міншчыны шматгранны, багаты на падзеі.

15 студзеня 1938 года Першая сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла адпаведную пастанову аб утварэнні Мінскай вобласці. Тэрыторыя вобласці ахоплівала 27,2 тыс. кв. км. Абласным цэнтрам з’яўляўся горад Мінск. У склад вобласці ўвайшоў 21 раён.

Вядучымі галінамі прамысловасці былі металаапрацоўчая і дрэваапрацоўчая, а таксама харчовая.

У той час на Міншчыне налічвалася 1975 калгасаў. Асноўным накірункам сельскай гаспадаркі лічыліся  вытворчасць збожжа, бульбы, а таксама жывёлагадоўля. У агульнай прадукцыі вобласці ўдзельная вага сельскай гаспадаркі складала 20,9%.

…22 чэрвеня 1941 года мірная праца людзей была спынена нападам фашысцкай Германіі. У вобласці дзейнічалі 3 партызанскія злучэнні, 45 партызанскіх брыгад.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць ворага, больш чым 80 выхадцаў Міншчыны ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны жыхары вобласці прыступілі да аднаўлення разбуранай гаспадаркі. Ужо да канца першай пасляваеннай пяцігодкі быў дасягнуты даваенны ўзровень прамысловай вытворчасці.

Сёння Мінская вобласць па асноўных вытворча-эканамічных паказчыках, якія характарызуюць эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці, займае ў рэспубліцы адно з вядучых месцаў.

Аграпрамысловы комплекс забяспечвае чвэрць валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ў агульнарэспубліканскім аб’ёме.

Эфектыўна працуюць Нясвіжскі, Дзяржынскі, Слуцкі, Мінскі раёны.

Па выніках спаборніцтва сярод абласцей і горада Мінска за дасягненне ў 2006-2010 гадах найлепшых вынікаў у выкананні асноўных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласць занесена на Рэспубліканскую Дошку гонару (другое месца).

Расце дабрабыт насельніцтва. У параўнанні з 2000 годам рэальныя грашовыя даходы насельніцтва і заработная плата павялічыліся ў 3,4 раза. Забяспечаны рост аб’ёмаў прамысловай вытворчасці ў 2,8 раза, прадукцыі сельскай гаспадаркі – у 1,7 раза, інвестыцый у асноўны капітал – у 4,8 раза. Рознічны таваразварот гандлю праз усе каналы рэалізацыі з 2000 года вырас у 5,7 раза, увод у эксплуатацыю будаўнічых аб’ектаў – у 1,7, а экспарт тавараў – у 6,1 раза.

Вядучае месца ў эканоміцы вобласці займае прамысловасць. На тэрыторыі Міншчыны знаходзяцца найбуйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі: “Беларуськалій” і “БелАЗ”.

Міншчына вядомая ў Беларусі і за яе межамі сваёй неацэннай гісторыка-культурнай спадчынай, унікальнымі творамі мастацтва. З яе гісторыяй звязаны імёны шматлікіх знакамітых дзеячаў культуры і мастацтва – асветніка і гуманіста С. Буднага, кампазітараў С. Манюшкі, М. Агінскага, майстроў паэтычнага слова Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка і іншых.

На працягу года ў Нясвіжы ў рамках рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца 2012 года» прайшло больш за 50 значных мерапрыемстваў.

У вобласці праводзіцца папярэдняя работа па святкаванні 75-годдзя Міншчыны, як  аднаго з асноўных культурных і сацыяльна-палітычных падзей будучага года.

Акрамя абласнога ўрачыстага мерапрыемства, якое адбудзецца 18 студзеня 2013 года, плануецца і шэраг іншых, у тым ліку адкрыццё і ўвод у эксплуатацыю многіх аб’ектаў пасля завяршэння іх капітальнага рамонту.

На працягу года прадугледжваецца правядзенне культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, масава-тэатралізаваных прадстаўленняў, святаў, народных гулянняў, кірмашоў, выстаў, творчых конкурсаў, фэстаў.

Вядзецца падрыхтоўчая работа па перавыданні на рускай і англійскай мовах фотаальбома «Мінская вобласць».

Пройдуць таксама навуковыя, мастацтвазнаўчыя, краязнаўчыя канферэнцыі, спартыўныя спаборніцтвы.

 



Добавить комментарий