ШТО ЗА ЧАСЫ! ШТО ЗА НОРАВЫ!

Закон и порядок

O tempora! O mores! Менавіта гэта крылатае лацінскае выслоўе, якое значыць «Што за часы! Што за норавы!», прыйшло мне на памяць, калі я даведаўся аб выпадку, які днямі адбыўся з дачкой аднаго з маіх мінскіх сяброў. Дзякаваць Богу, усё скончылася добра, але ж гісторыя прымусіла мяне задумацца аб тым, што ж робіцца з людзьмі…

Мой школьны сябар Андрук паходзіць са старадаўняга казацкага роду. Калісьці, яшчэ ў далёкім васямнаццатым стагоддзі, яго продак, кубанскі казак, асеў на Беларусі, даўшы пачатак вялікай сям’і. Калі ў сябра нарадзілася дачка – мая хрэсніца, – хто б мог падумаць, што старое ваярскае карэнне абудзіцца ў гэтай кволай дзяўчынцы. Ледзь толькі пачаўшы гаварыць, малая запатрабавала ў таты лук са стрэламі і драўляны меч. Калі ж маленькая ваярка крыху пасталела, то бацьку давялося вучыць яе не толькі азам валодання тым самым мячом, але і навыкам рукапашнага бою.

Гэтым летам дзяўчынцы споўнілася пятнаццаць гадоў. Яна хаця ніколі не займалася прафесійным спортам, па фізічнай форме і падрыхтаванасці дасць форы многім з аднагодкаў. Задаткі ж продкаў праявіліся і яшчэ ў адным – звычцы адкрыта і бязбоязна адстойваць уласную пазіцыю і справядлівасць. Гэтая ж звычка і прывяла да тых падзей, якія адбыліся…

Дзяўчына бегла на ўрок у музычную школу. Карацейшая дарога вяла праз сталічны парк. Менавіта там, сярод белага дня, убачыла маленькая казачка, як два яе аднагодкі, кожны на галаву вышэйшы за яе, ці то проста здзекаваліся, ці то спрабавалі адабраць грошы ў маленькага хлапчаняці. Малы плакаў. Падлеткі цешыліся сваёй сілай. Спадчынніца слаўнага роду не прайшла міма, спакойна рушыла да хуліганаў. У момант агрэсія абодвух перакінулася на нязваную “госцю”.

«Слышь ты!» – пачулася ў адказ, і грубыя рукі пацягнуліся да смелай музыканткі. Але ж не дарэмна прайшлі бацькоўскія трэніроўкі – хуліганы нічога не паспелі зразумець, іх рукі праслізнулі ў пустату, самі ж яны ледзь не пападалі на зямлю, згубіўшы раўнавагу. «Ну, усё табе!» – выгукнуў першы і са сціснутымі кулакамі кінуўся ў бойку. Але ж для яго паядынак скончыўся хутка. Праз некалькі імгненняў, скурчыўшыся ад болю, ён упаў. А вось другі хуліган аказаўся больш падрыхтаваным.

Дзяўчына заўважыла, як у абодвух яго руках з’явіліся бліскучыя металічныя прадметы. «Напэўна, кастэты», – падумала кволая змагарка за справядлівасць, прымаючы баявую стойку, сціскаючы ў кулакі тонкія рукі. Пакідаўшы жалязякі і схапіўшыся за разбіты нос, другі хлопец упаў на зямлю.

Няўдалыя хуліганы ачомаліся, усхапіліся з зямлі і кінуліся ўцякаць. А хлопчык, які ўвесь гэты час, прытуліўшыся да старой таполі, моўчкі назіраў за паядынкам, кінуўся на шыю сваёй выратавальніцы: «Дзякуй табе, дзякуй!» Надыходзіў час заняткаў у музычнай школе, і кожны з іх рушыў у свой бок. Вось толькі кроў з рассечанай скроні і парэзаных рук ніяк не хацела спыняцца…

Расповед маёй хрэсніцы аб тым, як яна, з залітай крывёю вопраткай, свежымі крывавымі кроплямі на твары і руках, прымусіў мяне, нягледзячы на ўсю драматычнасць сітуацыі, шчыра смяяцца. З таго, як у жаху разбягаліся дарослыя і дзеці ад маёй адважнай казачкі, як сустрэўшыся ў вучэбным класе, дзе павінен быў адбыцца ўрок, дзяўчынкі-выпускніцы, абняўшыся, уголас плакалі, як збялелая выкладчыца, нібыта ў кіно, моўчкі спаўзала па сцяне на падлогу. Як то гаворыцца – і смех і грэх.

Здзівіла іншае. Усё, на што хапіла рашучасці ў настаўнікаў – гэта прапанова выклікаць «хуткую». Юная ваярка адмовілася і нават прапанавала пачаць урок. Але раны крываточылі. І тады дзяўчыну проста адпусцілі дамоў. Вось тады, па дарозе дахаты і патэлефанавала яна мне, бо да бацькоў дазваніцца не ўдалося.

Трымаючы тэлефонную трубку ля вуха, я «давёў» хрэсніцу дадому, падказаў, як найлепей апрацаваць пашкоджанні, ацаніць сур’ёзнасць траўм. Скроня аказалася толькі паверхнева надрэзанай кастэтам і простага раствору марганцоўкі, ёду і пластыру аказалася дастаткова, каб небяспека мінула. А вось павязка на руцэ ўвесь час непрыемна набрыняла крывёй. Тады я накіраваў дзяўчо ў бліжэйшую паліклініку да хірурга.

Паводле дамовы, толькі выйшаўшы з кабінета, маленькая казачка набрала мой нумар. Па словах урачоў, аказалася разрэзанай невялікая вена. Кровацячэнне спыніла тугая павязка. Дзякаваць Богу, шыць нічога не давялося. «І што далей? – запытаўся я. – Калі на перавязку, якое лячэнне?» Дзяўчынка ўздыхнула і прамовіла: «А нічога. Проста зрабілі перавязку і адправілі дамоў. У іх рабочы дзень якраз заканчваўся…»

Складаную сумесь пачуццяў выклікала ў мяне ўся гэта гісторыя. Безумоўна, хацелася ганарыцца сілай духу і адвагай маёй маленькай ваяркі-музыкі. Радавала тое, што яна на самой справе здольная пастаяць і за сябе, і за тых, каму патрэбна дапамога. Прыемна цешыла тое, што заняткі, у якіх і мне часам даводзілася рабіцца трэнерам, далі плён. Было страшна з таго, што ўсё магло скончыцца значна больш трагічна. Але тры пытанні не давалі спакою…

Хто былі тыя хлопцы? Справа не ў імёнах, месцах вучобы ці сацыяльным статусе бацькоў. Спрадвеку былі ў нашых продкаў няпісаныя правілы, парушэнне якіх пазбаўляла права не толькі жыць у грамадзе, а нават проста звацца чалавекам. Хіба можна назваць інакш, як «маладняк мужчынскага полу» тых, хто не проста кагалам накідваецца на дзяўчынку ў сапраўднай бойцы, але ж і карыстаецца пры гэтым зброяй?!

Як маглі педагогі, адпусціць параненае дзіця, нават не зрабіўшы перавязку, няхай сабе і няўмелую?

І яшчэ адно пытанне на заканчэнне. Ці могуць называцца ўрачамі тыя людзі ў белых халатах, якія хаця і робяць (дзякуй ім за гэта!) нескладаную перавязку, аднак з нагоды таго, што рабочы дзень падыходзіць да заканчэння, выстаўляюць параненае дзіця за дзверы, нават не растлумачыўшы, што яму рабіць далей? Вядома, прафесія хірурга вымушае чалавека рабіцца крыху цынікам. Але ж прафесійны цынізм мусіць мець свае межы, прамінуўшы якія, чалавек рызыкуе згубіць адну з найважнейшых рыс – людскасць.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий