ПРА ЗДАБЫТКІ І ПЕРСПЕКТЫВЫ

Общество

Журналісты пра некаторыя важныя навіны жыцця Мінскай вобласці даведваюцца са сродкаў масавай інфармацыі. Асобныя паведамленні выклікаюць павышаны інтарэс. У прыватнасці, знаходжанне беларускай дэлегацыі ў Гуандунскай правінцыі Кітая. У складзе гэтай дэлегацыі быў і старшыня Мінскага аблвыканкама Б. В. Батура. З гэтай тэмы і пачалася чарговая прэс-канферэнцыя кіраўніка сталічнай вобласці з рэдактарамі рэгіянальных і карэспандэнтамі рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі. 

Пытанне ж наконт беларуска-кітайскіх дзелавых адносін старшыні аблвыканкама было адрасавана рэдактарам газеты “Мінская праўда” М. Літвінавым. Барыс Васільевіч зазначыў, што ў Гуанадунскім тыдні міжнароднага абмену ў Кітаі прымалі ўдзел дэлегацыі з 18 рэгіёнаў свету. Гэта правінцыя вызначаецца бясспрэчнымі дасягненнямі ў электроніцы, радыётэхніцы, фармакалогіі. У недалёкай перспектыве ў нашу рэспубліку прыедзе сустрэчная дэлегацыя з гэтай усходняй краіны. Цэнтрам доўгатэрміновага супрацоўніцтва, вядома ж, стане Індустрыяльны парк, які ўзводзіцца ў Смалявіцкім раёне. Ён – істотны прарыў у распрацоўках і ўкараненні перадавых сучасных тэхналогій.  Б. В. Батура паведаміў журналістам, што будучы тэхнапарк – гэта не толькі двухбаковае кітайска-беларускае дзелавое супрацоўніцтва. Новае сучаснае прадпрыемства будзе зацікаўлена і ў прыцягненні еўрапейскіх інвестараў на тэрыторыю парку.

Расказваючы пра наведванне кітайскай правінцыі, Барыс Васільевіч прывёў і такі красамоўны факт: толькі беларуская і ўкраінская дэлегацыі з ліку многіх былі запрошаны на асобны ўрачысты прыём кіраўніка правінцыі. А гэта добры знак у наладжванні партнёрскіх сувязей, умацаванні дружбы.

Ад пытанняў міжнароднага кшталту   ўдзельнікі прэс-канферэнцыі перайшлі да рэгіянальнай тэматыкі. Значны блок складала размова пра прыцягненне інвестыцый, пра адкрыццё новай вытворчасці. У прыватнасці, было зазначана, што пастаўлена задача адкрыць у кожным раёне вобласці каля 10 сучасных вытворчасцей, каб пашырыць занятасць насельніцтва, а значыць узняць іх дабрабыт. У якасці станоўчага прыкладу прыводзілася работа швейных прадпрыемстваў з Узды, Дзяржынска.

У перспектыве ў Мінскай вобласці плануецца наладзіць выпуск новага рухавіка стандарту “еўра-3” у Стаўбцах, адкрыць іншыя вытворчасці. У некаторых рэгіёнах пры размяшчэнні новых вытворчых аб’ектаў часам узнікаюць нюансы наконт парушэнняў экалагічных, санітарных патрабаванняў. А на самой справе прычын для хваляванняў няма. Проста некаторыя чыноўнікі яшчэ не навучыліся адкрыта весці дыялог з насельніцтвам, даваць людзям своечасовую кампетэнтную інфармацыю.

Барыс Васільевіч распавёў работнікам СМІ і пра аптымізацыю работы малочнай, мясной галін вобласці. І тут адзін шлях развіцця  – узбуйненне вытворчасці, стварэнне холдынгаў. Гэта дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, адкрые новыя магчымасці  для  мадэрнізацыі вытворчасці, для канцэнтрацыі фінансавых рэсурсаў і іх далейшага рацыянальнага выкарыстання.

Тэндэнцыя па стварэнні холдынгаў будзе захоўвацца не толькі ў перапрацоўцы мяса, малака, але і агародніны, фруктаў.

У  ліку надзённых пытанняў, на якія кіраўнік вобласці даў адказы, былі і  перспектывы будаўніцтва арэнднага жылля. У прыватнасці, гэта новаўвядзенне перш-наперш закране Барысаў, Маладзечна і ўсе буйныя раёны ўжо ў 2013-2014 гадах.

Было зададзена пытанне і наконт стварэння эталонных гаспадарак у кожным рэгіёне. Красамоўным прыкладам тут служыць знакаміты нясвіжскі “Сноў”. Толькі, на жаль, у яго дастойных паслядоўнікаў пакуль не з’явілася.

Закончыўся дыялог кіраўніка вобласці з журналістамі на патрыятычнай ноце: гаварылі пра святкаванне юбілею з дня ўтварэння Мінскай вобласці, пра выданне ілюстраванай прадукцыі, правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з гэтай знамянальнай падзеяй.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий