КАБ СПАЛА СПАКОЙНА КРАІНА, І ДОМА ЧАКАЛА ДЗЯЎЧЫНА…

Общество

У мінулую суботу на страявым пляцы мясцовай воінскай часці 117 юнакоў-навабранцаў 153-яй асобнай Кёнігзбергскай радыётэхнічнай брыгады спецыяльнага прызначэння прысягалі на вернасць беларускаму народу і Айчыне.

Пра тое, што ваенная служба – гэта выпрабаванне не толькі духу, але і цела, ужо з ранку пацвердзіла і прырода: стаяла марознае, з моцным парывістам ветрам надвор’е. Але ніхто з радавых на гэта не звяртаў увагі: у думках было толькі адно – дакладна і выразна вымавіць словы Прысягі, тым больш што цябе слухае сам генерал-маёр! Дарэчы, начальнік Галоўнага разведупраўлення, намеснік начальніка Генштаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь В. К. Крашэўскі, які прысутнічаў на мерапрыемстве, строга не судзіў, а стараўся падбадзёрыць навабранцаў, віншуючы іх з важнай падзеяй і жадаючы добрай службы.

Асноўным маральна-псіхалагічным аспектам прыняцця Прысягі з’яўляецца тое, што ваеннаслужачыя тэрміновай службы атрымліваюць не толькі свае правы, але і абавязкі, галоўным з якіх з’яўляецца абарона роднай Беларусі. Для кожнага салдата армейскія будні будуць праходзіць па-рознаму: камусьці будзе лягчэй, а некаму – цяжка і складана. Аднак карысць, без сумнення, будзе вялікая і зразумець гэта магчыма толькі пасля звальнення ў запас.

Новаму папаўненню давядзецца служыць у перыяд, калі Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь будуць адзначаць сваё 95-годдзе, а ардэнаноснае злучэнне – 75 гадоў з дня ўтварэння.

Цэнтр брыгады дыслацыруецца ў Валожыне, а вось воінскія часці размешчаны ў розных кутках Беларусі. Таму 110 будучых абаронцаў Айчыны пасля Прыняцця прысягі раз’едуцца ў іншыя гарады на асноўнае месца праходжання службы, і толькі сем валожынцаў застануцца служыць на сваёй малой радзіме.

Вочы родных і блізкіх, сяброў і знаёмых, якія прыйшлі павіншаваць маладых салдат з важнай падзеяй, свяціліся непрыхаванай радасцю і слязамі шчасця. Разам з віншавальнай паштоўкай і наказам будучаму воіну кожны з іх атрымаў нагрудны знак прыналежнасці да ваеннай разведкі. З прыняццем Ваеннай прысягі навабранцаў віншавалі камандзір брыгады падпалкоўнік С. В. Галіеў, намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, падпалкоўнік запасу У. У. Сёмін, маці курсанта вучэбнага падраздзялення С. І. Дрозд, радавы П. Дрозд. Благачынны Валожынскай акругі, настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы ў Валожыне протаіерэй Д. Агіевіч благаславіў салдат на добрую службу, акрапіў іх святой вядой.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий