Культура

 

Алтар Божай Міласэрнасці, узведзены ў касцёле святога Юзафа горада Валожына, лічыцца пакуль адзіным у Беларусі.

Улонне старажытнага храма ён упрыгожыў тры гады таму. А летась на вялікі парафіяльны фэст быў асвечаны  бакавы алтар у імя Маці Божай. У недалёкім будучым плануецца ўстанавіць і галоўны. Ён ўражвае не толькі сваім адметным хрысціянскім зместам, але і маштабам…

У абнаўленні ўнутранага афармлення касцёла горада Валожына праяўляецца талент, старанне і вялікая самаахвярнасць майстра са Стаўбцоўшчыны. Ён – аўтар дызайнерскай распрацоўкі і галоўны выканаўца ўсіх трох алтароў культавага будынка, які знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі пасля таго, як храм вернуты па прызначэнні хрысціянам.

На першы алтар  недастаючую суму, 17 мільёнаў рублёў, ахвяраваў мінчанін. Гэта ён зрабіў у знак вялікай падзякі Пану Богу за сваё цудадзейнае выратаванне ад працяглай цяжкай хваробы. Дабрачынны ўчынак жыхара сталіцы і яго сям’і ўвекавечаны ў касцёле лаканічным надпісам  на спецыяльнай шыльдачцы.

Неабходныя сродкі на ўсе тры алтары каталіцкай святыні сабраны парафіянамі дзякуючы іх высакародным памкненням і арганізатарскім здольнасцям пробашча Гэнрыка Акалатовіча. Галоўны алтар, напрыклад, абыдзецца амаль у 70 мільёнаў беларускіх рублёў.

 



Добавить комментарий