ПЯРШАЙСКІЯ ПАДАРОЖНІЦЫ…

Культура

Усе людзі розныя. Большасць з нас на працягу жыцця з года ў год стварае, адбудоўвае ўласны куток – кватэру, дом, сядзібу. І нават простая думка пакінуць усё гэта хаця б на невялікі час успрымаецца ледзь не са страхам. Але ж ёсць людзі, якіх жыццё на адным месцы прыгнятае. Яны ўвесь час кудысьці імкнуцца, прагнуць бачыць новыя мясціны, сустракацца з новымі людзьмі, атрымліваць новыя веды. Ёсць такія людзі і сярод старэйшага пакалення і на Пяршайшчыне.

Кожная з жанчын, пра чые падарожжы мне хацелася б расказаць, пражыла доўгае і нялёгкае жыццё. За плячыма засталіся весялосць і няўпэўненасць маладосці, клопаты і турботы сталасці. Цяпер самай “малодшай” з іх мінула семдзясят пяць гадоў.

 

Леаніда Адамаўна Яблонская “вандравала” ўслед за сынам, дапамагаючы гадаваць унукаў. Жыццё ваеннага чалавека закінула сына ў далёкае Тоцкае – раённы цэнтр у Арэнбургскай вобласці Расіі, побач з якім знаходзіцца Тоцкі палігон, дзе ўпершыню была ўзарвана атамная бомба.

Магчыма, Леаніда Адамаўна і не рызыкнула б ехаць у такое небяспечнае месца, але ж трывожная тэлеграма прымусіла прыняць рашэнне вельмі хутка. Захварэла нявестка, а за двума маленькімі ўнукамі быў патрэбен нагляд. Вось і выбралася жанчына ў далёкую вандроўку. Ехала праз Маскву, дарога цягнулася некалькі дзён. Гледзячы на краявіды, што хутка праносіліся за вокнамі чыгуначнага вагона, пяршайская падарожніца ўзгадвала свае ранейшыя далёкія паездкі.

Родныя цётка і дзядзька Леаніды Адамаўны жылі ў Ленінградзе. Таму ў маладосці яна некалькі разоў праводзіла там свой водпуск. Пабывала ў многіх музеях, неаднойчы наведвала Эрмітаж. Дагэтуль захавала адчуванне таго, як увесь горад літаральна дыхае жывой гісторыяй. Але ж больш за ўсё ўрэзаўся ў памяць Пецяргоф – горад фантанаў.

У Тоцкім, куды прыехала нарэшце Л. А. Яблонская, як аказалася, ужо амаль што забыліся пра сумныя падзеі 1957 года, калі радыеактыўная хваля накрыла сяло. Аб былым нагадвала толькі стэла, якую ўзвялі на палігоне ў некалькіх кіламетрах ад населенага пункта.

Калі Леаніда Адамаўна ўпершыню прыехала да сына ў Тоцкае, яе моцна здзівіла тое, што давялося ўбачыць у адзін з дзён – кастры з чырвоных армейскіх ботаў! Справа ў тым, што ў той час разам з раззбраеннем і знішчэннем старой тэхнікі армія пераходзіла на новы абутак – бацінкі. Незвычайны чырвоны колер чорнаму абутку надавала тамтэйшая глеба, пыл з якой мае выразна чырвоны колер.

Сёння Адамаўне 87 гадоў. У маладосці яна шмат чытала, але ж цяпер не дазваляе дрэнны зрок. У выніку даводзіцца глядзець тэлевізар альбо чакаць на госці маладзейшую суседку з вастрэйшымі вачыма.

 

Гелена Іосіфаўна Шарко пражыла век, усяго на тры гады мен-шы за суседчын. Не скажаш, што лёс надзяліў яе “моцнымі” вачыма. Калісьці і ёй даводзілася ўздыхаць, заўважаючы, як з гадамі псуецца зрок. Але ж у адзін з дзён яна разам з іншымі паломнікамі трапіла ў Будслаў. Гелена Іосіфаўна – глыбока веруючы чалавек. Ці то моц яе веры дала свой плён, ці то сапраўды Бог паказаў свой цуд, але ж памыўшы вочы будслаўскай намоленай вадой, Іосіфаўна забылася пра акуляры.

Шмат вандровак выпала і на яе долю. У свой час давялося пабываць у Польшчы. З таго падарожжа найбольш запомніліся музей Войска польскага і заапарк. Закінула жыццё і на ўсход, у расійскі горад Тамбоў, дзе жылі сваты. Ляцець давялося некалькі гадзін на самалёце. Горад жа ўразіў чысцінёй і бясконцай, як тады падалося, колькасцю зеляніны, паркаў і фантанаў. Найбольш урэзаліся ў памяць будынак краязнаўчага музея і незвычайны трохкаскадны фантан «Дружба народаў» на Вакзальнай плошчы. Частавацца ж давялося славутым тамбоўскім кумпяком!

 

Далей жа за ўсіх выбралася з родных Пяршаяў Станіслава Аляксандраўна Грабянюк. Сёння ёй семдзясят шэсць гадоў, але ж і дагэтуль можа яна бясконца расказваць пра свае падарожжы ў Варкуту. Ажно чатыры разы давялося жанчыне самалётам пераадольваць некалькі тысяч кіламетраў, каб трапіць за паўночны Палярны круг, куды жыццё закінула яе дачку. Слова «варкута» з нянецкай мовы перакладаецца, як «мядзведжы кут». Запомніліся ж больш за ўсё белыя ночы і ні з чым не параўнальнае Паўночнае ззянне. Запомнілася і тое, якімі льготамі карысталіся ў савецкія часы жыхары Запаляр’я. Напрыклад, выйшаўшы на пенсію, жыхар Варкуты мог бясплатна памяняць сваю тамтэйшую кватэру на кватэру ў любым горадзе Саюза, нават у Маскве.

Слухаючы ўспаміны простых людзей, якім шмат давялося пабачыць у жыцці, хочацца яшчэ раз нагадаць цяперашняй моладзі аб тым, які вялікі, прыгожы і цікавы наш свет. Калі чалавек хоча жыць «не хлебам адзіным», калі яго вабяць каштоўнасці не толькі матэрыяльныя, калі ён хоча развіваць і сваю душу, і свой розум, то прыклад старэйшых можа лішні раз падказаць, якім чынам гэта можна зрабіць.

Нам жа, сённяшнім пенсіянерам, па сутнасці, усяго хапае. Вось толькі раз-пораз усплываюць у памяці словы артыста Аляксея Баталава: «Адна праблема ў пажылых – няма таблеткі ад старасці»…

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

вёска Янушкавічы.

 



Добавить комментарий