ЯКІ ТЫ, РУМ?

Культура

Часта назвы населеных пунктаў могуць шмат распавесці аб сівой гісторыі. Амаль заўсёды ў іх зашыфраваны звесткі аб заснаванні, родзе дзейнасці людзей, геаграфічныя асаблівасці наваколля, этнічныя ўмовы. Мы з часам прызвычайваемся бачыць за назвай толькі кропку на карце, спасылку на сённяшняе адміністрацыйнае ўтварэнне, часам нават не ведаючы значэння тых старадаўніх слоў, што леглі ў аснову той ці іншай назвы.

На беразе Іслачы, ускрай спрадвечнай Налібоцкай пушчы прытулілася вёска Рум Валожынскага сельсавета. Мала што можна адшукаць пра яе нават у бяздоннай інфармацыйнай прасторы інтэрнэту. Хіба што не зусім дарэчныя версіі паходжання нязвыклай сучаснаму вуху назвы. І нішто не перадае нават часткі старадаўняй атмасферы і гістарычнага значэння гэтай сціплай сёння вёскі.

Рум – гэта слова, якім у польскай і беларускай мове ў мінулыя часы абазначалася «лясная біржа» – месца на беразе сплаўной ракі, дзе спілаваныя дрэвы сартаваліся ў залежнасці ад якасці, памеру і іншых характарыстык. Самыя лепшыя адбіраліся, з іх вязаліся плыты для перагону ніжэй па рацэ. Нашыя продкі –  жыхары налібоцкага краю сплаўлялі лес па Іслачы ў Бярэзіну і далей па Нёмане «аж да прусаў», як казалі тады. Вёска ж Рум была адной з такіх «біржаў», што стагоддзямі славіліся па ўсім краі.

Але ж не толькі старадаўняй назвай адметная вёска. Тут выдатна захавалася старая, яшчэ даваенная, забудова паабапал амаль некранутай часам брукаванкі. На думку намесніка дырэктара заказніка «Налібоцкі» Васіля Шакуна, гэта амаль гатовы «жывы скансан» («скансанам» прынята называць сучасныя музеі пад адкрытым небам). Але ж для таго, каб гэты цудоўны куток на ўскрайку Налібоцкай  пушчы быў гатовы прыняць гасцей, трэба шмат чаго зрабіць. У першую чаргу неабходна правесці вывучэнне гісторыі вёскі, апісаць самыя прыгожыя, адметныя, незвычайныя хаціны, якія могуць аказацца цікавымі для наведвальнікаў.

Акрамя гэтага трэба высветліць, хто з жыхароў вёскі мае схільнасці да мікра-экскурсійнай дзейнасці. Вядома, што расповед жывога гаспадара, нашчадка колішніх плытагонаў, заўсёды будзе больш цікавым і запамінальным, чым завучаныя словы прафесіянала-экскурсавода. Магчыма, хтосьці, атрымаўшы адпаведную дапамогу, акажацца здольным стварыць аграсядзібу, якая б мусіла прапанаваць гасцям адпачынак і харчаванне. Не менш запатрабаванай стала бы і якая-небудзь мясцовая рамесная вытворчасць, вырабы якой пакідалі б Рум у выглядзе сувеніраў, прыносячы гаспадарам і прыбытак, і прызнанне.

У наступным годзе актывісты агратурыстычнага руху раёна разам з заказнікам «Налібоцкі» плануюць правесці першую «разведку боем» у Руме і ўжо цяпер запрашаюць краязнаўцаў, турыстычных журналістаў і ўсіх зацікаўленых прыняць у ёй удзел.

На працягу сезона 2013 года мяркуецца арганізаваць некалькі аднадзённых вандровак, кожная з якіх можа падараваць не толькі каштоўныя звесткі і будучыя турыстычныя магчымасці, але ж і проста незабыўны вопыт. Далучайцеся!

Алесь БЕЛЫ.

 



Добавить комментарий