Культура

Юзаф Багуслаў Служка, прыдворны маршалак Вялікага Княства Літоўскага, атрымаў Валожын у 1614 годзе. Ён запрасіў у гэта мястэчка 16 манахаў-бернардынаў.

 

Марыя Дэнгоф, жонка ваяводы Полацкага, у 1730 годзе адбудавала стары касцёл з дрэва, пры якім і засталася парафія.

 

Граф Юзаф Тышкевіч набыў Валожын 10 сакавіка 1803 года, у 1806 ён распачаў узвядзенне мураванага касцёла (каля драўлянага, таксама пад назвай святога Юзафа). Асвяцілі новы касцёл 2 сакавіка 1816 года.

 

Так склалася, што, калі закончылі будаўніцтва мураванага касцёла, згарэў касцёл драўляны (3 мая).

 

Даўжынёй 18 метраў мураваны манастыр бернардынаў быў пабудаваны з каменю і цэглы. Ён меў некалькі паверхаў, аднак перад закрыццём касцёла манастыр яшчэ не быў скончаны, таму пасля без рамонту ён “самазнішчыўся”.

 

У фасаднай частцы касцёла ў 4 нішах стаялі фігуры евангелістаў. У верхняй частцы фасада – фігуры біблейскага зместу: ахвяра Ісака. Над франтонам – сімвалы цнотаў: Вера, Надзея, Любоў.

 

У касцёле знаходзілася 9 алтароў, пабудаваных з каменю. Былі ўстаноўлены гіпсавыя фігуры. Насупраць амбоны стаяў помнік графу Тышкевічу – заснавальніку касцёла.

 

У падзямеллі храма захоўваўся прах прадстаўнікоў роду Тышкевічаў, якім Валожын абавязаны не толькі пабудовай касцёла, але таксама палаца-паркавага комплексу, ешыбота, царквы.

 

Пажар у 1815 годзе спаліў не толькі драўляны касцёл, але і часткова манастыр,  дом для бедных.

 

Трэшчыны на арках касцёла з’явіліся ў 1826 годзе. Рамонт арак зрабілі праз год, дзякуючы сродкам графоў Тышкевічаў.

У 1929 годзе для таго, каб адрамантаваць касцёл, Тышкевічы прадалі маёнтак Ласокіна.

 

Усёй зямлі пад касцёл, манастыр, двор і сад было 7232 сажні. Меліся таксама іншыя землі.

 

Парафія Валожына ў 1840 годзе разам з вёскамі налічвала 4015 вернікаў.

У 1850 годзе ад халеры памерлі 1345 мужчын і 1720 жанчын. Тады, як дар за сваё выратаванне, вернікі, якім пашчасціла выжыць у час гэтай страшнай эпідэміі, паставілі ў 1854 годзе вялікі жалезны крыж з надпісам па-польску.

 

Перад вайной Валожын налічваў 6212 жыхароў. Сярод іх 39% складалі праваслаўныя, 24% – католікі, 37% – яўрэі.

 



Добавить комментарий