Молодежный курьер

Думаю, калі не па імені, то ў твар гэту прывабную дзяўчыну валожынцы і жыхары раёна ведаюць ужо добра. Малады правізар-інтэрн цэнтральнай раённай аптэкі Вольга Іванаўна КУЛЕВІЧ падабаецца наведвальнікам за сціплую ветлівую ўсмешку, ураўнаважаны, спакойны тэмбр голасу. Спачатку ўважліва выслухае, а потым дасць слушную параду, прапануе на выбар некалькі відаў лекаў: каб і па цане падыходзілі, і хваробу эфектыўна перамаглі.

Вольга Іванаўна – малады спецыяліст з Іўя, сёлета пасля заканчэння фармацэўтычнага факультэта Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта размеркавалася ў Валожын. За чатыры месяцы працы яна паспела асвоіцца ў невялікім жаночым калектыве, многаму навучылася ад старэйшых калег. Тыя ж, у сваю чаргу задаволены, што ў штат прыйшоў кампетэнтны, адказны спецыяліст, а галоўнае, — выхаваны, шчыры і добразычлівы чалавек.

Асенне-зімовы перыяд лічыцца найбольш напружаным для работнікаў аптэкі, бо да звыклых хвароб далучаюцца яшчэ і сезонныя прастудныя, інфекцыйныя. Тут у ход ідуць не толькі лякарствы, але і вітаміны, іншыя прафілактычныя сродкі. Таму малады правізар амаль усю працоўную змену праводзіць за касай, абслугоўваючы наведвальнікаў, якіх часам бывае больш за сотню.

Тэкст і фота Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий