КАБ БОЛЬШ БЫЛО ПАЗІТЫВУ…

Общество

Мне, журналісту, які звычайна асвятляе “прамыя лініі” старшыні райвыканкама з насельніцтвам, яшчэ напярэдадні гэтага мерапрыемства заўсёды міжволі хочацца спрагназаваць, якія ж пытанні, праблемы будуць узнімаць жыхары раёна на гэты раз.

У тэлефонных зваротах гучаць ужо традыцыйныя праблемы, узнімаюцца часам і дробязныя пытанні, ёсць і доўгатэрміновыя, якія патрабуюць пэўных фінансавых укладанняў. Але на гэты раз я цвёрда ведала, што асноўную масу тэлефанаванняў цяпер складуць тыя, што звязаныя з ачысткай дарог, вуліц ад снегу. А своеасаблівым “барометрам” быў рабочы тыдзень у рэдакцыі газеты: ні дня не абыходзілася без зваротаў грамадзян на гэту надзённую тэму.

Мае прагнозы спраўдзіліся. На чарговай “прамой лініі” кіраўніка раённай вертыкалі ўлады Уладзіміра Антонавіча Наумовіча асноўная тэма халоднага сезона стала і сапраўды гарачай. Скаргі на тое, што несвоечасова расчышчаюцца перыферыйныя дарогі, трасы, вуліцы, паступілі з Люцінкі, Дораў, Дзясятнікаў, Ратынцаў, Палубоўцаў.

У мінулы чацвер у раёне праводзіўся і Адзіны дзень інфармавання насельніцтва з удзелам старшыні райвыканкама і, вядома ж, старшынь пассельвыканкамаў, кіраўнікоў усіх службаў. У час той нарады кіраўнік раёна пацікавіўся, якія невырашальныя праблемы ёсць у рэгіёнах, у чым патрэбна садзейнічанне, дапамога на раённым узроўні. Зала прамаўчала. Значыць, ніякіх вострых пытанняў не існуе. А “прамая лінія”, якая пачалася праз гадзіну, паказала, што на самой справе не ўсё так бязвоблачна.

…Некаторыя, асабліва аддаленыя, вёскі занесла снегам. Тэхніка, калі і працавала, то да ўсіх хат дарогу праз снежную пастку не прабіла. У выніку паўсталі праблемы: як выехаць з вёскі на ўласным транспарце на працу. Зведалі “некамфорт” і асобныя пенсіянеры. Бо не па ўсіх вызначаных маршрутах аўталаўкі змаглі даставіць прадукты. Не ачышчаць своечасова снег, значыць, вельмі рызыкаваць у выпадку ўзнікнення пажараў у прыватных сектарах. Бо як прабрацца тэхніцы па аператыўнаму выкліку да месца здарэння?! Або як даехаць хуткай дапамозе да хворага?

Сапраўды, у першыя дні снегападу, як не старайся, адначасова ўсе праблемы не вырашыш. Не хопіць ні часу, ні тэхнічных рэсурсаў. Але ж стаяла амаль тыдзень бязвоблачнае надвор’е, каб мінімізаваць снежную праблему ў вёсках. На жаль, не ўсе старшыні сельвыканкамаў умеюць зладжана, аператыўна спраўляцца са складанай экстрэмальнай сітуацыяй. А ў іх жа нямала патэнцыяльных памочнікаў: і старасты вёсак, і вялікая каманда дэпутатаў мясцовага і раённага ўзроўняў.

Атрымліваецца, што гэты механізм сур’ёзна прабуксоўвае. Таму і снежныя заносы становяцца сапраўдным выпрабаваннем на арганізаванасць, аператыўнасць.

Вядома, па ўсіх крытычных зваротах у ходзе чарговай “прамой лініі” былі прыняты меры аператыўнага рэагавання. Аднак многія з пытанняў павінны былі вырашацца своечасова і без непасрэднага ўмяшальніцтва старшыні райвыканкама.

Акрамя барацьбы са снежнымі заносамі, на “прамой лініі” гучалі прыватныя скаргі на перабоі ў рабоце калонкі па вуліцы Кірава Валожына, наконт ацяплення некаторых кватэр, у прыватнасці, па Чапаева, 55. Узнімалася і пытанне працаўладкавання, аказання матэрыяльнай дапамогі сіротам, магчымасць іх працаўладкавання. А з Леніна паступіла просьба закрыць транзітны праезд вялікагрузных “фураў” праз гэтую вузкую вуліцу райцэнтра. Прасілі аўтары тэлефонных званкоў, каб у час падвозу школьнікаў прадоўжыць аўтобусны маршрут да гімназіі. Ад жыхаркі Забрэззя паступіла падзяка ў адрас добрай працы ўрачоў райбальніцы. Лагічна, што многія жыхары звярнуліся на снежаньскую “прамую лінію” са словамі падзякі старшыні райвыканкама за аказаную дапамогу ў вырашэнні іх надзённых праблем. Да слоў удзячнасці яны далучалі і шчырыя зычэнні з надыходзячым Новым годам, пажаданні дабра, поспехаў і ўдачы.

Няхай і сапраўды ўсе вялікія праблемы назаўсёды застануцца ў мінулым, а ў жыцці будзе менш фактаў, якія псуюць настрой. Няхай заўтра будзе лепшым, чым учора. У гэтым жаданні, напэўна, мы ўсе аднадушныя. Бо Новы год заўсёды асацыіруецца са светлымі надзеямі і аптымізмам.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий