Новы год узніме папулярнасць “Кароны” не толькі сярод мясцовых наведвальнікаў. Наплыў кліентаў чакаецца і з-за мяжы.
”Ці карыстаецца попытам нумар люкс? Для каго повары гатуюць птушку па-італьянску? Як “жывая” музыка ўплывае на бюджэт рэстарана і чаму Кароль не сядзіць на троне, а ходзіць на працу?” – аб гэтым мы даведаліся, зазірнуўшы напярэдадні Новага года ў валожынскі гасцінічны комплекс “Карона”.
Гасцініца адкрылася год назад і адразу ж заваявала сімпатыі мясцовых жыхароў сваімі паслугамі: добрым рэстаранам, більярдавай, тэніснай і трэнажорнай заламі. Турыстаў жа мясцовы гатэль радуе камфартабельнасцю, якаснай мэбляй і аддзелкай у прыемных для вока колерах.
Хтосьці сустрэне Новы год дома, у цёплым сямейным коле. А хтосьці будзе адлічваць бой курантаў за святочным сталом у рэстаране валожынскай гасцініцы. Цяпер тут ва ўсю ідуць навагоднія карпаратыўныя вечары. Кошт іх ад 200 да 250 тысяч рублёў з чалавека. Столікі ж на навагоднюю ноч у рэстаране пачалі браніраваць ужо з кастрычніка. Яны абыдуцца кожнаму госцю ў 300 тысяч.
Повары Валерыя Аляксееўна Патапчанка, Ігар Валянцінавіч Вайцяхоўскі і Вера Віктараўна Секачувене спецыяльна да зімовых свят распрацавалі рэцэпты новых страў. Выбар багаты: у меню – 28 салатаў і 32 гарачыя стравы, плюс разнастайныя закускі. Дарэчы, у замежных падарожнікаў, якія спыняюцца ў гасцініцы, у пашане беларуская кухня: клёцкі, дранікі і інш.
Галоўнае ўпрыгажэнне рэстарана ў навагоднія святы – “жывая” музыка. Тут для гасцей будзе саліраваць спявак з Івянца. “Жывое” выкананне – удалы камерцыйны ход: яно настройвае гасцей на пазітыўны лад, расслабляе, падаўжае працэс ежы і… павышае прыбыткі ад абслугоўвання.
У валожынскім гатэлі 33 нумары (з іх два люксы), у якіх могуць размясціцца 64 чалавекі. Ёсць тут і нумар, спецыяльна прыстасаваны для госця ў інваліднай калясцы.
За суткі адпачынку ў самым недарагім нумары турысту прыйдзецца заплаціць 220 тысяч. Кожны нумар абсталяваны тэлевізарам, халадзільнікам, санвузлом і душам. Раней быў і інтэрнэт, але такую паслугу прыйшлося адмяніць, бо некаторыя не вельмі сумленныя кліенты на дармавую гадзінамі назвоньвалі па стацыянарным тэлефоне за мяжу, раніцай з’язджалі, пасля ў гасцініцу прыходзіў неймаверна вялікі кошт за тэлефонныя размовы.
Пастаяльцы люксавых нумароў – важныя персоны, якія, як правіла, прыязджаюць у наш раён у камандзіроўкі. За “апартаменты” з некалькіх прасторных і ўтульных пакояў, дзе ёсць усё неабходнае для адпачынку, а таксама душ з гідрамасажам, такія кліенты за суткі аддаюць 688 тысяч рублёў.
У мінулым месяцы “Карона” прыняла 52-х турыстаў. Госці ў асноўным – расіяне, украінцы, палякі, літоўцы і латышы. Часам заязджаюць турысты з заходніх еўрапейскіх краін. А ў першых чыслах новага года на некалькі дзён тут спыняцца японцы.
За парадкам у пакоях сочаць чатыры пакаёўкі. Ірына Міхайлаўна Кароль – самая адказная і працавітая.
Першы, каго сустракаюць прыезджыя, пераступіўшы парог гасцініцы, безумоўна, – парцье. Заўсёды ўсмешлівая Марына Леанідаўна Віршыч і яе калега Алена Іванаўна Бітэль максімальна хутка рэгіструюць турыстаў, імкнучыся пакінуць добрае ўражанне аб нашай сферы паслуг. У гасцінічным “каралеўстве” працуе 14 чалавек, у рэстараннай камандзе – 12.
Загадчыца гасцінічнага комплексу Галіна Расціславаўна Юшкевіч Новы год як заўсёды будзе сустракаць дома ў акружэнні трох клапатлівых сыноў. Аднак у валожынскім “каралеўстве” ў навагоднюю ноч абавязкова застануцца дзяжурыць “вартавыя”. Бо ў чарадзейную зімовую поўнач можна чакаць любога госця…
Каля Валожына праходзяць гродзенская і вільнюская магістралі. Каб турыст не праехаў міма, а абавязкова зазірнуў у наш горад і быў упэўнены, што знойдзе тут утульнае месца для адпачынку, хутка на гэтых трасах з’явяцца бігборды з інфармацыяй аб валожынскай гасцініцы і ўказальнікамі праезду.
Алена ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.