У дзетак – самае шчырае сэрца…

Молодежный курьер

Калі спытаць сучасных школьнікаў, што яны чакаюць убачыць пад ёлкай на Новы год, кожны трэці з іх, напэўна, папросіць айфон або айпэд…

Мы вырашылі даведацца, пра што ж мараць рабяты, якія жывуць не ў сямейных умовах, а ў сценах Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

Маленькія жыхары гэтай установы таксама чулі аб навамодных тэхнічных павевах. Калі б Віталіку Літвінковічу падарылі МР3-плэер, ён, вядома, ад яго не адмовіўся б. Але ёсць у хлапчука сябар Коля, які вельмі б жадаў павадзіць карагод вакол святочнай ёлкі, аднак воляю лёсу ён прыкаваны да ложка. Віталік па ўласным жаданні дапамагае даглядаць сябра, клапоціцца пра яго. І мары аб плэеры раствараюцца…

Гэтыя прастадушныя, з невычэрпнай дабрынёй дзеці шчыра здзіўляюць – да патаемнага захаплення, да маральнага ўрока.

Андрэй КАЗЛОЎ, 12 гадоў:

– Родам я з Мінска. На Новы год мама абавязкова забярэ мяне дадому. Канікулы я заўсёды праводжу з роднымі. У Дзеда Мароза даўно не веру, аднак кажуць, ён жыве ў Налібоцкай пушчы. Добра б было туды з’ездзіць і паглядзець. Вучуся нядрэнна. Часцей атрымліваю дзявяткі і васьмёркі. Мой любімы прадмет – нямецкая мова. Тут я круглы выдатнік. Вось толькі руская дрэнна ідзе. У новым годзе хачу гэты прадмет падцягнуць. У будучым планую стаць праграмістам. Вельмі люблю ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. У інтэрнаце мы часта ставім міні-спектаклі. Апошнім была казка пра рэпку, дзе я іграў Дзеда. Незвычайнага падарунка на Новы год не чакаю. Цукеркі нам дораць заўсёды. Усё астатняе ў мяне ёсць. Вось толькі мару аб новай зімовай куртцы. Мая ўжо зусім знасілася, да таго ж у ёй хтосьці хадзіў яшчэ да мяне. Мару аб такой куртцы, якую яшчэ не апранаў ніхто.

Света АРАНОЎСКАЯ, 14 гадоў:

– Ад Новага года чакаю яркасці, радасці, свята. Мне вельмі не падабаецца, калі людзі сварацца. Жадаю, каб усё жылі дружна. На зямлі занадта шмат пакут і болю. Іх не трэба памнажаць, а імкнуцца з імі змагацца. Вось калі табе чалавек шчыра ўсміхнецца, на сэрцы становіцца цяплей. Калі вырасту – стану ветэрынарам. Буду дапамагаць жывёлам. Многія з іх безабаронныя. Столькі бяздомных сабак і катоў. Іх рэдка хто жаласліва прытуліць. Усё жывое патрабуе дабрыні, ласкі і клопату.

Саша МЕЛЬНІК, 13 гадоў:

– Кожны Новы год загадваю аднолькавыя жаданні. Яны заўсёды звязаны з будучыняй. Калі стану дарослай, мару мець вялікую сям’ю, клапатлівага мужа, шмат дзяцей і новых сяброў. Нядрэнна было б жыць у прыгожай кватэры. Для гэтага трэба шмат працаваць і быць мэтанакіраванай. Прафесію я сабе ўжо выбрала. Хачу стаць журналістам. Часам я дасылаю свае нататкі і ў “Працоўную славу”. У іх распавядаю пра цікавыя падзеі ў жыцці нашага інтэрната. Вельмі прыемна што яны друкуюцца на старонках вашай газеты. Мы захоўваем усе нумары, дзе ёсць інфармацыя пра Івянецкі дом-інтэрнат.

Віталік ЛІТВІНКОВІЧ, 13 гадоў:

– У мяне ёсць запаветная мара: пабываць у Італіі. Яе абавязкова загадаю ў Навагоднюю ноч. Вельмі хачу падарожнічаць, ці хоць бы паездзіць па вялікім горадзе. Мусіць, таму і фільм мой любімы – “Вандраванне Гулівера”. Запаветных жаданняў у мяне шмат, але яны рэдка здзяйсняюцца. Добра б мець чарадзейную лямпу, як у Аладзіна, якая б выконвала любыя жаданні. Мару сустрэцца з мамай, якую не бачыў ужо шмат гадоў. Добра, што ў мяне ёсць старэйшы брат Максім. Ён мне цяпер замест бацькі, часта да мяне прыязджае, купляе ўсё неабходнае. Хоць яму толькі споўніцца 19, але ён ужо вельмі дарослы, водзіць сваю машыну і працуе ў аўтасэрвісе. Хачу стаць майстрам, такім, як мой настаўнік па працы Анатоль Уладзіміравіч Басько. У яго залатыя рукі. Дзякуючы яму, умею апрацоўваць дрэва і метал. Магу выразаць драўлянага арла, вырабіць кручкі і шмат чаго іншага.

 



Добавить комментарий