НАПЕРАДЗЕ АДКАЗНАЯ, НАСЫЧАНАЯ ПРАЦА

Общество

Савет Рэспублікі займае важнае месца ў палітычнай сістэме нашага грамадства. Спецыфіка і значэнне дзейнасці Савета Рэспублікі заключаецца ў тым, што ён разглядае праекты законаў пасля іх прыняцця Палатай прадстаўнікоў.

Савет Рэспублікі выконвае ролю свайго роду палітыка-прававога фільтра, калектыўнага эксперта ўжо прынятых дэпутатамі законапраектаў.

У Савеце працуюць людзі, якія неразрыўна звязаны з жывой справай: менавіта мы павінны ацаніць кожны законапраект не толькі з пункта юрыдычнага гледжання, а ў цэлым,  па сутнасці. Мы павінны, кіруючыся жыццём і практыкай, адказаць на пытанне – прынясе той ці іншы закон рэальную карысць людзям і краіне, і разам са сваімі калегамі даць адказ на пытанне “быць ці не быць гэтаму закону”.

Сталічную вобласць у Савеце Рэспублікі прадстаўляюць 8 членаў. 3 іх трое працавалі ў мінулым складзе Савета Рэспублікі. Дзве вельмі важныя і складаныя па сваіх функцыях камісіі – па аграрнай палітыцы і мясцовым кіраванні, заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве – узначалілі прадстаўнікі Мінскай вобласці С. М. Герасімовіч і Л. Ф. Мароз.

У Савеце Рэспублікі створана 5 камісій, столькі ж іх працавала і ў Савеце прадстаўнікоў чацвёртага склікання. Я буду працаваць у камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Старшынёй нашай камісіі абраны член Савета Рэспублікі Мікалай Уладзіміравіч Казаравец, які да гэтага працаваў рэктарам “Беларускага аграрна-тэхнічнага універсітэта”.

Адзін з важнейшых накірункаў дзейнасці Савета – сувязь з рэгіёнамі. Я маю вельмі сур’ёзны намер на канструктыўную, грунтоўную працу ў сваіх акругах: Валожынскай, Маладзечанскай і Стаўбцоўскай.

Мы прызваныя адстойваць рэгіянальныя інтарэсы, асабліва востра павінны адчуваць тое, як жывуць і развіваюцца раёны, аграгарадкі, пасёлкі і вёскі.

Разлічваю на самыя цесныя сувязі з раённай выканаўчай і прадстаўнічай уладамі, з актывістамі грамадскіх фарміраванняў.

Раз у месяц планую весці ў адным з рэгіёнаў прыёмы грамадзян, прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Я буду весці прамую размову з людзьмі, прыслухоўвацца да думак грамадзян, улічваць іх жыццёвыя запатрабаванні. Так, у лістападзе ўжо былі праведзены прыёмы грамадзян у Валожынскім і Стаўбцоўскім раёнах. Праблемы, узнятыя наведвальнікамі, датычыліся пытанняў грамадзянства, выплаты дапамог, аднаўлення мяжы зямельных участкаў, правядзення каналізацыі па вуліцах і інш. Усім заявіцелям дадзены аргументаваныя тлумачэнні. Некаторыя праблемы былі вырашаны ў ходзе прыёму, звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, узяты на кантроль.

Прыём па асабістых пытаннях грамадзян, прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Валожынскім раёне планую правесці ў лютым 2013 года.

Чым займалася ў апошні час? У лістападзе пачалася актыўная работа Пастаяннай камісіі па разглядзе праектаў новых законаў, прайшлі пасяджэнні. Па асобнай праграме прайшоў семінар на тэму “Заканатворчы працэс у Рэспубліцы Беларусь”.

14 снежня прыняла ўдзел у рэспубліканскай канферэнцыі “Маладая сям’я – учора, сення, заўтра”, арганізаванай Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.

Удзельнічала ў шматлікіх мерапрыемствах і дабрачынных акцыях, якія прайшлі ў Валожынскім, Маладзечанскім і Стаўбцоўскім рэгіёнах.

Арганізавала і правяла акцыі “Достучаться до небес” да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам, “З адкрытым сэрцам і душой” да Дня інвалідаў і дабрачынны марафон “Запалі сваю зорку”, прысвечаны Сусветнаму дню дзіцяці.

Прыняла ўдзел у другім з’ездзе Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і выступіла з прывітальным словам да дэлегатаў ад Мінскай вобласці ў відэафільме “Белая Русь”.

У снежні разам са сваімі памочнікамі А. А. Асманавым, старшынёй Маладзечанскай РГА “Белая Русь”  і Леанідам Аляксеевічам Путырскім, урачом-мамолагам, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам правяла вечар-сустрэчу “З любоўю ў сэрцы” ў кінатэатры “Юнацтва” з жыхарамі Валожына. Гэта сустрэча была накіравана на захаванне сямейных каштоўнасцей, прапаганду здаровага ладу жыцця. Спадзяюся, што ў валожынцаў засталіся самыя светлыя і прыемныя ўспаміны ад сустрэчы.

Я планую не толькі праводзіць прыёмы грамадзян, прымаць удзел у пасяджэннях выканкамаў, сесіях Саветаў дэпутатаў, а і арганізоўваць сустрэчы з насельніцтвам, духоўна-асветніцкія акцыі і культурна-дабрачынныя праекты, мерапрыемствы па сацыяльнай падтрымцы сям’і і дзяцінства, накіраваныя на папулярызацыю здаровага ладу жыцця і культурна-духоўнае выхаванне насельніцтва, прадухіленне пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі, на падтрымку хворых дзяцей, адзінокіх і састарэлых людзей.

Святлана САРОКА,

член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 



Добавить комментарий