«Фруці дэль марэ» і «Мармілан»…

Общество

З чым асацыіруецца Новы год? Зразумела, з ёлкай, шампанскім, падарункамі. Але ж аднекуль з дзяцінства засталася і яшчэ адна сувязь – з цукеркамі.

Чым жыве ў перадсвяточныя дні асноўны вытворца кандытарскіх ласункаў раёна СП «Івкон» ААТ, пацікавіўся карэспандэнт «Працоўнай славы».

Канец года парадаваў фабрыку павышаным попытам на ўвесь асартымент. На сёння на складах амаль не засталося гатовай прадукцыі, што гаворыць аб прызнанні і высокай запатрабаванасці гандлёвай маркі. Паводле слоў кіраўніцтва прадпрыемства, асноўным спажыўцом, як і крыніцай прыбыткаў, з’яўляецца айчынны рынак. Штомесяц каля 300 тон прадукцыі адгружае прадпрыемства ў гандлёвую сетку краіны. Прыблізна такая ж колькасць прадаецца і за межы Беларусі, большай часткай у Расію.

Як ні дзіўна, расійскія пастаўкі працуюць больш на імідж «Івкона», чым на яго фінансавую ўстойлівасць. Вялікія транспартныя выдаткі, фінансавыя інтарэсы пасрэднікаў «з’ядаюць» адчувальную частку патэнцыйнага валютнага прыбытку. Нагадваюць пра сябе і крызісныя з’явы.

Прадпрыемства радуе і беларусаў, і расіян амаль што сотняй відаў разнастайных салодкіх вырабаў. Дагэтуль аснову асартыменту фабрыкі складаюць вядомыя малочныя цукеркі «Кароўка», якіх цяпер у Івянцы выпускаюць ажно некалькі дзясяткаў разнавіднасцяў. Творчы імпэт распрацоўшчыкаў уражвае. Як расказала галоўны тэхнолаг прадпрыемства Яўгенія Грыбоўская, толькі ў апошнія месяцы распрацавана 24 новыя віды кандытарскіх вырабаў, 15 з якіх ужо запушчаны ў вытворчасць.

На новай тэхналагічнай лініі па вытворчасці адліўных цукерак выпускаецца неглазураваная жэлейная прадукцыя. Нядаўна пабачыла свет інавацыйная лінія жэлейных цукерак з фруктовай начынкай серыі «Жэлебуба», якія не маюць аналагаў у Беларусі. Не меншай папулярнасцю карыстаюцца і цукеркі з цукровай памадкі серыі «Фруці дэль марэ» і жэлейныя цукеркі «Мармілан». Асаблівую цікавасць у аматараў здаровага харчавання выкліча серыя ледзянцовай карамелі на аснове натуральных экстрактаў ліпы, эхінацыі, абляпіхі, шыпшыны, эўкаліпту.

Напярэдадні святаў па добрай шматгадовай традыцыі «Івкон» заўсёды дзеліцца радасцю. Салодкую спонсарскую дапамогу атрымалі Івянецкая школа і дзіцячы садок, раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Сівіцкая школа-сад, Івянецкая бальніца. Не засталіся без падарункаў івянецкія ветэраны.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий