На пасту пад бой курантаў

Культура

Кожны з урачоў аддзялення хуткай дапамогі райбальніцы раз на чатыры гады сустракае Новы год на дзяжурстве.

Ноч, калі да лічбы года дадаецца чарговая адзінка ні па колькасці выклікаў, ні па іх характары амаль што не адрозніваецца ад іншых. Усё так жа каля дваццаці разоў даводзіцца дзяжурным брыгадам выязджаць да хворых. Але ж кожны ведае, што не бывае навагодняй ночы без хаця б якой прыгоды. Здараюцца яны і на «хуткай».

Пачынаюць свята, звычайна, невядомыя тэлефонныя добразычліўцы. Часта яшчэ да таго, як праб’юць куранты, пачынаюць раздавацца гэткія званкі. Аператар здымае трубку: «Хуткая дапамога. Слухаем Вас!» Але ж у адказ чуецца зусім не просьба спяшацца да хворага, а цёплыя навагоднія віншаванні. І хаця тэлефон 103 прызначаны толькі для неадкладнага выкліку дапамогі, ніхто не крыўдуе за яго «нямэтавае» выкарыстанне. Добрае слова сагравае душу людзям, адарваным у свята ад сям’і.

Аднаго ж разу званок аказаўся сапраўды трывожным. Бабуля слабым голасам выклікала «хуткую», бо ёй зрабілася дрэнна. «Ой, не ведаю, мая даражэнькая, усё баліць!» – казала яна. Як жа здзівілася ўрач, калі насустрач ёй выйшла абсалютна здаровая, жвавая бабулька. «Дачушка мая! – сказала «хворая». – Ты ўжо мяне прабач, але ж так адзінока зрабілася! Пагавары са мной трошачкі…»

Аказалася, што дзеці забыліся павіншаваць старую са святам, тэлевізар зламаўся, а ўсе суседкі раз’ехаліся святкаваць Новы год да сваякоў. Вось і адшукала вынаходлівая «сімулянтка» дапамогу ў асобе людзей у белых халатах. Што ж – сапраўдны ўрач і словам лечыць…

За кубачкам гарачага чаю

Вера Сямёнаўна Анушэўская пяцьдзясят гадоў жыцця аддала працы на Валожынскай метэаралагічнай станцыі.

У кастрычніку 1959 года пачаўся яе доўгі прафесійны шлях. З таго часу назіранні за надвор’ем сталі не толькі працай, але ж і любімым заняткам, справай усяго жыцця. Неверагодна, але ж яна і дагэтуль можа па паху вызначыць адлегласць да летняй навальніцы, а па знешнім выглядзе месяца ўночы – колькі часу яшчэ пратрымаецца добрае надвор’е. Напярэдадні Новага года самы паважаны метэаролаг раёна, ветэран працы падзялілася святочнымі ўспамінамі:

Будынак метэастанцыі месціцца на выездзе з горада.

Паказанні прыбораў здымаюцца супрацоўнікамі 365 дзён на год без выхадных ці перапынкаў праз кожныя тры гадзіны. А гэта значыць, што і ў навагоднюю ноч хтосьці нясе сваю вахту па назіранні за надвор’ем. У тым годзе сустракаць Новы год за прафесійным заняткам выпала загадчыцы метэастанцыі. Яна чарговы раз зафіксавала стан надвор’я, занатавала патрэбныя лічбы і рушыла ў будынак станцыі. Да Новага года заставалася літаральна некалькі дзясяткаў хвілін…

Раптам у дзверы пастукалі. Адкрыўшы, Вера Сямёнаўна ўбачыла на парозе жанчыну з хлапчуком гадоў дванаццаці. Як высветлілася, яны ехалі дадому ў Вішнева, але ж не паспелі на апошні аўтобус. Спачатку вырашылі ісці пешкі, але ж ужо пакідаючы Валожын, убачылі гасціннае святло ў акенцы метэастанцыі. Зразумела, загадчыца запрасіла нечаканых гасцей увайсці. Так і сустрэлі Новы год утраіх за кубачкам гарачага чаю. А на пачатку шостай гадзіны раніцы ўдзячныя вішнеўцы, што склалі Веры Сямёнаўне цудоўную навагоднюю кампанію, пайшлі на аўтастанцыю, пакінуўшы ва утульных пакоях метэастанцыі цеплыню сваіх сэрцаў.

Пра навагоднія гісторыі распытваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий