СУСТРАКАЕ СОТЫ НОВЫ ГОД

Культура

Свой соты дзень нараджэння адсвяткавала сёлета Эмілія Феліксаўна Кулікоўская з Валожына. У сваім узросце жанчына яшчэ можа і печ прапаліць, і іншыя хатнія справы зрабіць, а летам разам з дачкой ахвотна завіхалася на градках. 

Лёс такіх людзей – гісторыя не толькі сям’і, але нават раёна, краіны. Бо побач з асабістым перажыта і зафіксавана шмат значных грамадскіх падзей: рэвалюцыя, войны, змены розных эпох і ўладаў. Яна нават памятае графа Тышкевіча, а асабліва выпадак, калі той падвозіў яе на аўтамабілі, непадалёк урочышча Вялае. Усё было на шляху Эміліі Феліксаўны – гора і радасць, беднасць і заможныя гады, каханне, нараджэнне дзяцей, смерць мужа, заўчасная смерць старэйшага сына… Пра ўсё яна добра памятае і можа расказаць. А асабліва бяруць у палон успаміны доўгімі зімовымі вечарамі. Дачка Марыя з мужам — у іх зараз жыве Эмілія Феліксаўна — як і звычайна, заняты хатнімі справамі. У такія хвіліны хочацца прытуліцца да цёплай печы, у якой павольна патрэскваюць паленцы, цалкам аддацца ўспамінам. А ўспомніць ёй ёсць пра што.

У райцэнтр да дачкі яна пераехала дваццаць чатыры гады таму, калі памёр муж. А да гэтага амаль увесь час пражыла ў вёсцы Ціханоўшчына, што на Пяршайшчыне. Тут нарадзілася, у сваю ж вёску і замуж выйшла. Працавала ў мясцовым тагачасным калгасе імя Карла Маркса на палявых работах. Сама Эмілія Феліксаўна са шматдзетнай сям’і, у якой гадаваліся восем дзяцей. Сярод іх таксама былі доўгажыхары. Доўгі век адмераў лёс і яе маці. Напэўна, гэта генетычная асаблівасць іх роду. Аднак дажыць да стогадовага юбілею было наканавана менавіта ёй. На пытанне, у чым сакрэт доўгажыхарства, яна адказала:

— Жыць трэба спакойна і набожна, з усімі ў згодзе, ні з кім не сварыцца і ні на што не наракаць.

А, можа, яшчэ і таму лёс такі літасцівы да іх сям’і, што яны быццам абраныя Богам: калісьці на хутары, дзе жылі бацькі Эміліі Феліксаўны, адбыўся вялікі цуд – у час, калі вяскоўцы сабраліся ў доме, каб памаліцца, засвяцілася ікона Маці Божай Вастрабрамскай. І сёння яшчэ жывуць у Пяршаях сведкі той падзеі. А ікону Эмілія Феліксаўна забрала з сабой у дом дачкі, і знаходзіцца яна зараз на самым пачэсным месцы.

Галоўнае ж багацце Э. Ф. Кулікоўскай сёння – яе сям’я: двое дзяцей, шэсць унукаў, сем праўнукаў і прапраўнук Дзімка. Калі ўсе яны збяруцца разам на свята, ды яшчэ са сваімі сем’ямі, а гэта ўжо стала добрай традыцыяй, атрымаецца вялікая бяседа: пяць пакаленняў за адным сталом. У такія моманты Эмілія Феліксаўна маладзее душой, а твар яе свеціцца вялікай радасцю.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий