УСЁ ГЭТА БУДЗЕ НАСІЦЦА!..

Общество

НОВЫ віток у жыцці Марыі Станіславаўны КАЗАКОВАЙ з Івянца меў свой фактар рызыкі. Але прыватная справа, якой займаецца жанчына, з цягам часу зрабіла яе жыццё дынамічным, насычаным і паспяховым.

Марыя Станіславаўна на пенсіі. Як займела гэты пачцівы статус, толькі два гады і змагла ўседзець дома. Яна хутка зразумела, што аднастайны рытм – гэта не для яе натуры. І вырашыла парушыць устойлівы стэрэатып, што на пенсіі чалавеку больш нічога не застаецца, як сядзець ды ўспамінаць сваю працяглую працоўную біяграфію…

З дня ў дзень яе “свідравала” назойлівая ідэя: заснаваць у Івянцы ўласнае прадпрыемства. На многае не замахвалася: у планах было адкрыццё міні-атэлье.

У прыватны бізнэс жанчына прыйшла ў 57 гадоў. Разам з ёй гэтым спакуслівым шляхам падаўся і сын. Ён вырашыў заняцца рознічным гандлем, яна – шыць абноўкі. Праз некалі гадоў расчараваны сын спыніў сваю справу. А маці, наадварот, паспяхова развівала пачатае. Цяпер яна ўладальніца міні-атэлье, якое размешчана па вуліцы 1 Мая Івянца.

Гэта прыватная служба сэрвісу аказалася досыць запатрабаваная ў мястэчку. Напярэдадні навагодніх урачыстасцей назіраецца пік заказаў на святочныя ўборы. Сярод яе кліентаў пакуль што толькі прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва. Індывідуальны мужчынскі асартымент адзення М. С. Казакова не практыкуе. Аднак у будучым магчыма і такая карэкціроўка паслуг.

Усё ранейшае жыццё Марыі Станіславаўны так ці інакш было звязана са швейным рамяством. Яна працавала ў сферы бытавога абслугоўвання, потым працяглы час выкладала спецыялізаваны прадмет у вучэбна-вытворчым камбінаце. Пра прафесіянальны ўзровень сведчыць і такі красамоўны факт: яна краўчыха 6-а разраду. Багаты вытворчы вопыт і цяпер прыносіць добры плён. Заказчыкаў – хоць адбаўляй. Стаўкі арэнднай платы, сучасныя ўмовы вядзення бізнэсу, пытанні з закупкай сыравіны, тэхнічных сродкаў пакуль што не абцяжарваюць івянецкую прадпрымальніцу. Пакуль яна не шкадуе, што занялася паслугамі ў сферы быту.

Прадстаўніца малога бізнэсу пераканалася, што ад ўласнай ініцыятывы чалавека залежыць вельмі многае. І ўзрост тут зусім не перашкода.

Загадчыца атэлье сочыць за накірункамі стылю сучаснага адзення. На яе рабочым стале заўсёды стос розных спецыялізаваных часопісаў. Кампетэнтныя падказкі чэрпае Марыя Станіславаўна і з папулярнай расійскай тэлепраграмы “Модны прыгавор”.

…Гледзячы на гэту энергічную жанчыну, слухаючы яе расказ пра ўласную справу, міжволі прыходзіш да вываду, што і сапраўды, хто не рызыкуе, той, вобразна кажучы, і не п’е шампанскае. Ну, а 31 снежня пеністы навагодні напой на святочным стале Казаковых абавязкова будзе. І родныя па традыцыі ўзнімуць бакалы за шчасце, здароўе ўсіх дамачадцаў. І абавязкова за поспех справы Марыі Станіславаўны – жонкі, клапатлівай маці, разважлівай свекрыві, мудрай бабулі. А дзве любімыя нявесткі будуць сядзець за навагоднім сталом у прыгожых уборах ад здольнай краўчыхі-свекрыві.

Тэкст і фота Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий