ПАДАРЫЎ ЗЛЁТ НАСТРОЙ НА ЎВЕСЬ ГОД

Молодежный курьер

Вечар мінулай пятніцы, праведзены ў рэстаране “Іслач” райцэнтра, запомніўся працоўнай моладзі Валожына і раёна атмасферай цяпла і весялосці, добрым гумарам, дасціпнымі конкурсамі.

Арганізаваны раённым аддзелам па справах моладзі райвыканкама і райкамам ГА “БРСМ” “Злёт маладых спецыялістаў 2012 года” сабраў аншлаг: на калектыўнае пераднавагодняе святкаванне прыбылі 95 чалавек.

У першую чаргу ў вочы кінуліся з густам падабраныя касцюмы прысутных, упрыгожаныя ў дадатак атрыманым пры ўваходзе дожджыкам. Ну і, вядома ж, шчырыя ўсмешкі знаёмых між сабой і не вельмі маладых людзей. Зрэшты, перазнаёміцца ім выпадала магчымасць на працягу ўсяго вечара, і гэтым карысталіся ў поўнай меры. Але пра ўсё па парадку…

У пачатку насычанага падзеямі мерапрыемства прывітаў і павіншаваў з надыходзячымі святамі яго ўдзельнікаў – лепшых маладых работнікаў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Валожыншчыны – намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. А пасля вядучыя Наталля Нямкевіч і Вераніка Загорская адзначылі самых актыўных і ініцыятыўных падзякамі аддзела па справах моладзі і райкама БРСМ. У гэту слаўную кагорту трапілі псіхолаг ТЦСАН Алена Жданюк і намеснік дырэктара фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Надзея” Ганна Пермякова (дзяўчаты прызнаны пераможцамі ў конкурснай намінацыі “Лідар года -2012”), старшыня грамадскага савета па справах моладзі ААТ “Валожынскі льнокамбінат” Настасся Вайцяхоўская, малады ўрач райпаліклінікі Павел Дрожжа, акампаніятар раённага Цэнтра культуры Андрэй Барыгін і многія-многія іншыя. А пасля ўрачыстага моманту  пачаўся вечар забаў, знаёмстваў, конкурсных прыгод.

Падмацаваўшы сілы за багатымі святочнымі сталамі, дружнай талакой моладзь рушыла бліжэй да вядучых, якія ўжо падрыхтавалі неабходную атрыбутыку для першага з конкурсаў – танцавальнага. Пяці самым смелым прадстаяла не проста станьчыць “бугі-вугі”, але пры гэтым яшчэ і больш за астатніх сапернікаў скамячыць падэшвамі паперы… Не менш цікавым быў і наступны конкурс, дзе прапаноўвалася па кароценькай кінавыразцы здагадацца, з якой мастацкай стужкі яна ўзята. Альбо конкурс “Скокні вышэй”, у якім дзяўчатам-“вавёркам” неабходна было як мага вышэй заскочыць на “елку”-хлопца… Па незабыўнай і добрай традыцыі паклікалі ўдзельнікі мерапрыемства і Дзеда Мароза са Снягуркай. Навагодніх казачных персанажаў, як водзіцца, клікаць давялося доўга і дружна. Калі ж “зорная пара” нарэшце з’явілася, “дзядуля і ўнучка” ўзнагародзілі за цярплівасць і чаканне некалькімі выдатнымі конкурсамі і, вядома, падарункамі.

Нездарма ходзіць у народзе прыкмета: як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш. Хочацца верыць, што для моладзі раёна, якая ў той вечар шчыра весялілася, жартавала і ўвогуле добра праводзіла час, 2013-ты стане годам, калі без лішніх намаганняў споўняцца мары і задумы, з такой жа лёгкасцю і камфортам будуць дасягацца новыя вяршыні на жыццёвым і працоўным шляхах, а ў спадарожнікі далучацца здароўе і добры настрой.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий