ПАБАГАЦЕЎ КНІЖНЫ ФОНД

Культура

Бібліятэка  Івянецкага гарпасялковага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” знаходзіцца ў памяшканні Дома польскага ў Івянцы. У бягучым годзе актывісты і члены арганізацыі пры дапамозе работнікаў Івянецкай дзіцячай бібліятэкі прывялі кніжны фонд у належны стан.

Уся літаратура была расстаўлена на паліцах па раздзелах і згодна бібліяграфічнага класіфікатара. У фондах сёння налічваецца каля пяці тысяч экзэмпляраў польскай кнігі, гэта мастацкая і галіновая літаратура, даведнікі і падручнікі для вучняў. Стварэнне бібліятэкі працягвалася на працягу існавання арганізацыі. Шмат кніг было перададзена з розных дабрачынных і грамадскіх арганізацый і асабіста грамадзян Рэспублікі Польшча. У гэтым годзе кніжны фонд яшчэ пабагацеў. Вельмі прыемна, што яго папаўненнем заняліся нашы землякі – жыхары Валожыншчыны. Летам жыхарка райцэнтра з вуліцы Міра Марыя Станкевіч падарыла кнігі для Дома польскага з асабістай бібліятэкі, гэта асобнікі польскай мастацкай літаратуры і альбом здымкаў вядомых фотакарэспандэнтаў пра сталіцу Польшчы – Варшаву.

А не так даўно мы атрымалі цудоўны падарунак ад Дануты Вікенцьеўны Шаўлоўскай з вескі Янушкавічы, настаўніцы, краязнаўца, з артыкуламі якой мы часта знаёмімся на старонках раённай газеты “Працоўная слава”. Данута Вікенцьеўна падарыла некалькі асобнікаў сваёй кнігі “Святыні не паміраюць” пра гісторыю Пяршайскага касцёла, яго парафіян. Гэта кніга выйшла ў свет у 2011 годзе невялікім тыражом у 300 экзэмпляраў і тым самым стала рарытэтам.

Сёння польскай кнігай цікавяцца, гэту літаратуру з задавальненнем чытаюць жыхары Івянца і акругі, а таксама настаўнікі, студэнты і дзеці, якія вывучаюць польскую мову. Яны частыя госці ў бібліятэцы, якая працуе штодня, акрамя суботы і нядзелі, з 9 да 16 гадзін. Тут кожны неабыякавы да гісторыі і культуры краіны-суседкі чалавек можа знайсці сабе кніжку па душы.

Станіслаў БУРАЧЭЎСКІ,

старшыня Івянецкага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі”.

 



Добавить комментарий