І сёлета пастараліся ініцыятары, арганізатары і ўдзельнікі традыцыйнага шэсця Дзедаў Марозаў і Снягурачак, якое адбылося ў райцэнтры напярэдадні Новага года.
Сёлета ў святочнай падзеі прынялі ўдзел трынаццаць прадпрыемстваў Валожына, якія дэлегіравалі свае таленты для ўдзелу ў прадстаўленні і конкурснай праграме. Дапамагалі ўдзельнікам творчыя сілы Цэнтра культуры і райвыканкама.
Чырвона-блакітныя пары Дзедаў Марозаў і Снягурачак у акружэнні казачных герояў прамаршыравалі па галоўнай плошчы райцэнтра і сабраліся каля навагодняй ёлкі, каб павіншаваць валожынцаў са святамі і прадэманстраваць свае творчыя здольнасці.
Пакуль дарослыя і дзеці разам весяліліся і прымалі ўдзел у прапанаваных канкурсантамі спаборніцтвах, аўтарытэтнае журы вызначала лепшых. Пераможцам стала каманда раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Другое месца прысуджана прадстаўнікам Валожынскага філіяла «Маладзечанскі малочны камбінат». Трэцяе месца заняла каманда райбальніцы. Прыз глядацкіх сімпатый атрымалі Дзед Мароз і Снягурачка з райбыткамбіната.
Парады Дзедаў Марозаў, Снягурачак, Санта Клаусаў і разнастайных казачных персанажаў у апошнія гады набываюць усё большую папулярнасць не толькі ў такіх паўночных краінах, як Расія, Фінляндыя, Вялікабрытанія, Канада, але ж нават і ў далёкіх паўднёвых краях – Перу і Паўднёвай Карэі. Не застаецца ў баку і наш раён.
Тэкст і фота
Андрэя ЗАХАРАНКІ.