ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Закон и порядок

НЕЗАКОННАЯ КАЗУЛЯ

Нядаўна супрацоўнікі Упраўлення інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету каля вёскі Пяршаі спынілі аўтамабіль. Замест пасажыраў у салоне была знойдзена… мёртвая казуля. Як высветлілася, трыццацішасцігадовы жыхар Маладзечна здабыў яе ў лясным масіве непадалёк ад вёскі Дубоўцы Дорскага сельсавета, не маючы на тое адпаведнага дазволу. Зарэгістраванае паляўнічае ружжо разам з тушай жывёліны адабрана інспектарамі, а супраць аматара незаконнага палявання ўзбуджана крымінальная справа. Памер матэрыяльных страт, нанесеных браканьерам, ацэньваецца ў 60 базавых велічынь.

СКРАЛІ ТРАНСФАРМАТАР

Вынаходлівасцю і нестэрэатыпным мысленнем вызначыліся зладзеі, што дзейнічалі каля вёскі Міхалова Ракаўскага сельсавета. Іх цікавасць выклікаў трансфарматар, які быў прымацаваны да слупа лініі электраперадачы. У адну з начэй электрычны прыбор знік. Уладальніку, аднаму з прадпрыемстваў Мінскага раёна, нанесены ўрон у памеры каля двух мільёнаў рублёў.

БЕЗ ТЭРМІНУ ДАЎНАСЦІ

Пастаўлена выніковая кропка ў справе, следчыя дзеянні паводле якой цягнуліся ажно дванаццаць гадоў. Яшчэ ў 2000 годзе ў жыхаркі вёскі Малая Дайноўка Гародзькаўскага сельсавета знікла больш за палову тысячы долараў. Здавалася б, справа так і застанецца нераскрытай. Але ж нядаўна следчым органам усё ж такі ўдалося адшукаць злодзея. Аматаркай чужых грошай аказалася нідзе не працуючая пяцідзесяцігадовая жыхарка гарадскога пасёлка Капаткевічы Гомельскай вобласці.

ЗГУБІЎ ДАРОГУ?

Забыўшыся замкнуць пакінуты каля ўласнага дома аўтамабіль, жыхар вёскі Дубіна-Баярская страціў усталяваны ў ім сучасны навігатар і карту памяці да яго агульным коштам каля паўтара мільёна рублёў. Усяго адны суткі спатрэбіліся аператыўнікам, каб адшукаць вінаватага ў крадзяжы. Ім аказаўся трыццацігадовы маляр з Заслаўя. Наведаўшы яго кватэру, супрацоўнікі міліцыі знайшлі скрадзеныя рэчы, якія былі вернуты гаспадару.

КРЫМІНАЛЬНЫЯ «САРОКІ»

Вярнуўшыся дадому з працы, жыхарка вёскі Манькаўшчына Яршэвіцкага сельсавета заўважыла, што акно яе хаты зламана. Зайшоўшы ўнутр, гаспадыня ўбачыла, што з шафы ў спальні зніклі залатыя і сярэбраныя ювелірныя вырабы на суму амаль у тры мільёны рублёў. Падобная гісторыя адбылася і ў адной з валожынскіх кватэр, адкуль у гаспадыні было скрадзена ўпрыгажэнняў з высакародных металаў на суму ў шэсць мільёнаў рублёў. Па абодвух выпадках узбуджаны крымінальныя справы.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий