Сустрэча пад ёлкай

Культура

Яшчэ з дзяцінства Марына цудоўна танцавала. У дзіцячым садку, калі дзяўчынкі-аднагодкі на святочных ранішніках з цяжкасцю маглі паўтарыць некалькі разгубленых рухаў, яна ўжо паказвала вялікія сольныя нумары. 

Пазней танцавала ў розных харэаграфічных групах, з году ў год адточваючы падараваны Богам талент. На адным з выступленняў і заўважыў яе нехта з замежных прадзюсараў. У хуткім часе прыйшло запрашэнне прыняць удзел у адным з міжнародных танцавальных праектаў. На радзіме ў той час панавала разгубленасць пераходнага часу, таму прапанова выглядала ледзь не падарункам лёсу.

Міналі гады. Марына раз-пораз наведвалася да бацькоў на Беларусь, але ж большасць часу праводзіла, упрыгожваючы сваім удзелам шоу-праграмы розных краін Еўропы і Азіі. Таленавітая танцоўшчыца была запатрабаванай і не абдзеленай ні ўвагай, ні прызнаннем. Вось толькі асабістае жыццё ніяк не наладжвалася. А з кожным наступным годам усё больш хацелася перастаць бясконца вандраваць па свеце, асесці ва ўтульным уласным доме, нарадзіць дзяцей. Але ж бываюць праекты, якія нікому не пад сілу здзейсніць сам-насам…

Тою зімой, нягледзячы на ўсе выгадныя запрашэнні, Марына вырашыла сустрэць Новы год на радзіме. З бацькамі за святочным сталом праводзіла стары год, але ж паслухаць бой курантаў вырашыла каля галоўнай ёлкі краіны…

Роберт прыехаў у Беларусь са сваёй роднай Германіі напярэдадні Новага года па справах бізнэсу. Усе патрэбныя кантракты былі падпісаны, сустрэчы адбыліся, цягнік Масква-Берлін ужо пачаў свой шлях на захад. Але ж Роберт нечакана для самога сябе вырашыў застацца сустрэць Новы год у незнаёмай краіне. Разам з беларускімі капманьёнамі ўзняў святочныя бакалы, а потым, заўважыўшы цэлыя чароды вясёлых людзей за вокнамі, сам рушыў на вуліцу. Чалавечая плынь вынесла яго на галоўную мінскую плошчу ў святло агнёў агромністай ёлкі.

Людзі, якім наканавана сустрэцца, не размінуцца нават у самым непрадказальным чалавечым віры. Марына, крыху ашалелая ад атмасферы свята ў горадзе свайго дзяцінства, адразу ўбачыла разгубленага Роберта збоч ад святкуючага натоўпу…

Зараз у іх свой дом непадалёк ад Мюнхена. Роберт вывучыў некалькі дзясяткаў слоў на жончынай мове і набыў для яе чыстакроўнага спартыўнага каня. Дачцэ хутка споўніцца тры. А ездзіць на Новы год у Беларусь стала добрай сямейнай традыцыяй.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий