ЗАПЛАЦІЛА ЗА БУДУЧАЕ ШЧАСЦЕ…

Культура

Аленцы толькі-толькі споўнілася васямнаццаць гадоў. Трэба было атрымліваць прафесію, шукаць свой шлях у жыцці. Педагогі прадказвалі кемлівай дзяўчыне неблагія перспектывы, але ж…

Аленка сустрэла яго. І блізкая магчымасць ажыццяўлення самых рамантычных мар так моцна ахапіла дзявочае сэрца, што ўсё астатняе – і вучоба, і спартыўныя трэніроўкі, і старыя сябры – стала сыходзіць кудысьці за межы Аленчынай свядомасці. А тут літаральна за некалькі гадзін да Новага года ён падарыў шубу. Сапраўднае, натуральнае, пухнатае, пяшчотнае навобмацак трусінае футра!

«Ды ты глянь на сябе ў гэтай шубе! – сварылася маці. – Ты ж у ёй на нейкую выдру падобная!» Але ж дзяўчына, захінутая матэрыялізаваным шчасцем, нікога і нічога не слухала.

Прыйшоў Новы год. Адбілі куранты, адзвінелі бакалы, адгучалі віншаванні. Старэйшае пакаленне паглыбілася ў сузіранне «блакітных аганькоў» у тэлевізійным эфіры, а няўрымслівая Аленка разам са сваім выбраннікам рушыла туды, дзе бруіла святочнае жыццё – да агромністай ёлкі на гарадской плошчы.

Гучала музыка, весялілася і танцавала моладзь, хлопалі ў паветры петарды. Святочна і радасна было на душы ў дзяўчыны. Навюткая цёплая шуба да самай зямлі сагравала шчасліўку. І зусім не заўважала яна поўных іроніі поглядаў, што скіроўваліся да яе з усіх бакоў – даўжэразная, важкая шуба на хударлявай дзявочай паставе на самой справе глядзелася досыць недарэчна. Але ж для Алены яна здавалася не проста шыкоўным адзеннем, але ж і залогам будучага шчасця.

Феерверкі ўзрывалі поўнае электрычнага святла і музыкі паветра сваімі блакітнымі ўспышкамі і нечаканымі, але цалкам дарэчнымі хлапкамі і посвістамі. Ніхто дагэтуль не ведае, ці то здарылася гэта абсалютна выпадкова, ці нехта са шкадлівых падлеткаў вырашыў такім чынам пажартаваць. Але ж адна з петард, што ляцела аднекуль з натоўпу ў бок ёлкі, трапіла акурат на новую Аленчыну шубу. Заблытаўшыся ў пухнатым футры, яна некалькі секунд пыхкала ледзь прыкметным дымком, а потым, як і мае быць, выбухнула.

Хлапка за самай спінай Аленка не спалохалася – Новы год на дварэ! Але ж ужо праз некалькі імгненняў пачула воклічы людзей навокал. Шуба занялася агнём, нібы аблітая гаручым. Колькі часу дзяўчына не магла зразумець, што і дзе гарыць, але ж калі полымя горача лізнула яе шчаку, хуткім рухам расшпіліла шыкоўную абнову, скінула ахопленае агнём футра на снег і … чамусьці кінулася ўцякаць.

Разгублены кавалер дагнаў Аленку ўжо каля самага дома, але ж чароўнае здранцвенне ўжо пакінула дзяўчыну, застаўшыся, напэўна, разам са згарэлай шубай на гарадской плошчы.

Праз некалькі гадоў колішняя ўладальніца трусінага футра знайшла сваё шчасце. Але ж зусім у іншым месцы і з іншым чалавекам.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий