МІНШЧЫНА: РАДКІ ГІСТОРЫІ

Культура

15 студзеня 1938 года была ўтворана сталічная вобласць.

Тэрыторыя вобласці ахоплівала 27,2 тыс. кв. км. Абласным цэнтрам з’яўляўся горад Мінск. У склад вобласці ўвайшоў 21 раён: Бегомельскі, Барысаўскі, Грэскі, Дзяржынскі, Заслаўскі, Крупскі, Чырвонаслабоцкі, Капыльскі, Лагойскі, Любанскі, Мінскі, Плешчаніцкі, Пухавіцкі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Уздзенскі, Халопеніцкі, Чэрвенскі.

 

Вобласць мела значныя залежы торфу. Торф выкарыстоўваўся не толькі як паліва, але і як хімічная сыравіна для цэлага шэрага хімічных вытворчасцяў. На аснове торфу працавалі шматлікія прадпрыемствы прамысловасці саюзнага і абласнога падначалення. Самымі буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі па здабычы торфу ў Мінскай вобласці з’яўляліся торфазаводы: імя 17-га з’езда ВКП (б) у Смілавічах, «Зара рэвалюцыі» ў Мінскім раёне, «Імя 16 Чырвоных партызан» у Рудзенскім раёне, «Чырвоны Кастрычнік» у Барысаўскім раёне і цэлы шэраг іншых прадпрыемстваў.

 

Вядучымі галінамі прамысловасці ў Мінскай вобласці былі металаапрацоўчая і дрэваапрацоўчая, а таксама харчовая. Найбуйнейшымі прамысловымі прадпрыемствамі абласнога значэння з’яўляліся: металаапрацоўчы, станкабудаўнічы, вагонарамонтны заводы ў г. Мінску; запалкавая і музычная фабрыкі, гарбарня і шклозавод у Барысаве.

 

У вобласці налічвалася 1975 калгасаў, 59 машынна-трактарных станцый вобласці налічвалі 2033 трактары. Да пачатку 1939 года калектывізацыя сялянскіх гаспадарак склала 93,2%. Пасяўныя плошчы вобласці складалі 735,087 га. Працэнтныя суадносіны культур размяркоўваліся наступным чынам: – збожжавыя культуры (60,3%), бульба – (20,4%), лён – (3,4%), агародніна – (1,2%).

 

22 чэрвеня 1941 года мірная праца жыхароў вобласці, як і ўсёй краіны, была перапынена нападам фашысцкай Нямеччыны. Праз некалькі дзён гітлераўскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Міншчыны. На працягу васьмі дзён вобласць апынулася цалкам захопленай праціўнікамі.

Нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі на тэрыторыі вобласці лагеры смерці, сярод іх Масюкоўшчынскі, Маладзечанскі, Трасцянецкі. 157 вёсак падзялілі трагічны лёс Хатыні.

У вобласці дзейнічалі 3 партызанскія злучэнні, 45 партызанскіх брыгад, якія аб’ядноўвалі 213 атрадаў.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць ворага, больш 80 выхадцаў Міншчыны атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

 



Добавить комментарий