“ЗОЛАТА” – У ЗЕМЛЯКОЎ

Спорт

У трохдзённай рэспубліканскай матчавай сустрэчы па лёгкай атлетыцы “Залатая міля”, якая прайшла ў Маладзечне, традыцыйна ўдзельнічалі выхаванцы трэнераў Валожынскай ДЮСШ АФП Аляксандра Чарняўскага і Анастасіі Паталей. Граматныя трэніроўкі і выдатная фізічная форма чарговы раз прывялі спартсменаў-івянчан да поспеху.

У спаборніцтвах удзельнічалі выхаванцы спартыўных школ чатырох абласцей. Першы дзень адкрыўся змешанай эстафетай, у якой чатыром чалавекам патрэбна было пераадолець дыстанцыю 400 метраў. Квартэт івянчан – Дзіяна Сакалоўская, Марына Бубен, Уладзімір Княжэвіч і Сяргей Халапук – заняў на п’едэстале гонару трэцяе месца, саступіўшы камандам з Маладзечна і Наваполацка.

На другі дзень барацьба вялася на дзвюх дыстанцыях. Сярод прадстаўнікоў малодшай групы спартсменаў-удзельнікаў лепшы вынік належыць нашаму юнаму земляку Яўгену Бурачэўскаму, ён хутчэй за астатніх прабег 1 вярсту (1067 метраў). У сярэдняй групе спаборніцтвы праводзіліся на дыстанцыі 1 міля (1609 метраў). Бронзавай прызёркай стала Сняжана Бурачэўская, “серабро” заваяваў Уладзімір Княжэвіч. Яму ж і належыць новы рэкорд Валожынскай ДЮСШ – 4 хвіліны 51 секунда. У старэйшай групе перамогу святкаваў Сяргей Халапук, і таксама з новым рэкордам школы – 4 хвіліны 36,1 секунды. Узнагародай спартсменам сталі граматы, буклеты і грашовыя прызы.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий