ВЫПАДКОВЫ ПРОЙГРЫШ…

Спорт

Адпачываць пасля ўпэўненых выступленняў на апісаных вышэй спаборніцтвах давялося маладым івянчанам нядоўга. Ужо праз тыдзень Уладзімір Княжэвіч і Сяргей Халапук абаранялі гонар раёна на Міждзяржаўнай матчавай сустрэчы па лёгкай атлетыцы, прысвечанай памяці Заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь С.А.Хамчука.

За права звацца лепшымі вялі напружаную барацьбу спартсмены з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама госці з Расіі і Латвіі. У першы дзень прайшлі забегі на дыстанцыі 600 метраў. “Сярэбраным” прызёрам, саступіўшы вышэйшую прыступку п’едэстала славы аднагодку-расіяніну, стаў Уладзімір Княжэвіч. У старэйшай групе трэцяе месца заняў Сяргей Халапук. На наступны дзень стартавая дыстанцыя павялічылася да 1000 метраў. Удача зноў усміхнулася Уладзіміру, ён фінішаваў другім з вынікам 2 хвіліны 49 секунд. А вось Сяргею трохі не пашанцавала. У фінальным забегу яшчэ за 120 метраў да пераможнай рыскі наш зямляк упэўнена лідзіраваў, але на апошнім віражы сутыкнуўся з сапернікам, трапіў у завал і вымушаны быў сысці з дыстанцыі. Вядома, крыўдна было страціць першае месца. Але, ведаючы моцны характар Сяргея і яго волю да перамогі, можна з упэўненасцю сказаць: у яго ўсё яшчэ наперадзе. І ён гэта, безумоўна, дакажа.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий