АЖЫЛА НАВАГОДНЯЯ КАЗКА

Официально

Свята раённай ёлкі, якое прайшло ў раённым Цэнтры культуры, па традыцыі сабрала лепшых школьнікаў раёна. Каб з камфортам умясціць усіх, хто прыехаў на прадстаўленне, у зале нават давялося ставіць дадатковыя крэслы. І калі нарэшце гаманлівая дзятва заняла свае месцы, на сцэне ажыла казка…

Вясёлыя конкурсы з уручэннем падарункаў самым кемлівым і знаходлівым, праведзеныя перад пачаткам мерапрыемства двума клоўнамі, выдатна “разагрэлі” юную публіку. Дружнымі апладысментамі хлопчыкі і дзяўчынкі сустрэлі на сцэне і Зайку з Вавёркай, казачныя лясныя жыхары распачалі свята актыўнай гульнёй. А пасля запрасілі да мікрафона старшыню райвыканкама У. А. Наумовіча. Уладзімір Антонавіч шчыра павіншаваў прысутных і даў па-бацькоўску мудры наказ: “Узважце тыя маленькія недахопы, якія засталіся ў мінулым, і выпраўце іх у будучым. А ў Год беражлівасці, якім аб’яўлены 2013-ты, не забывайце берагчы сябе, клапаціцца пра родных і блізкіх. Гэта, бадай, галоўная задача, якая стаіць перад кожным з нас”.

Сёлетняя ёлка, без прыкрас, выдалася на славу. Гэта пацвердзілі, дзелячыся між сабой уражаннямі, многія школьнікі па завяршэнні святочнай праграмы. Работнікі культуры пастараліся і падрыхтавалі для дзяцей незабыўную казку, дзеянні якой разгарнуліся вакол чароўнага ключа ад Новага года, за якім вялі паляванне не толькі звыклыя ўсім “нячысцікі” накшталт Бабы Ягі, Чорта і Кікімары, але і кот Базіліа з лісой Алісай. Сквапныя і хітрыя персанажы з “Прыгод Бураціны”, падмануўшы Вожыка, выкралі ключ і вырашылі “сапсаваць” дзецям свята, прадаўшы яго зладзеям… Што з гэтага выйшла – а дакладней, не выйшла! – і даведаліся юныя гледачы. Перамагло, вядома ж, Дабро, нават нячыстая сіла шчыра папрасіла прабачэння і далучылася да святкавання.

На працягу мерапрыемства прысутныя і паспявалі, і пагулялі, і нават на сцэне з Дзядулем Марозам і яго ўнучкай Снягуркай у карагодзе паскакалі. Танцамі і песнямі парадавалі калектывы “Праменьчыкі” і “Непаседы”. І ў гэтай вясёлай мітусні нават у дарослых незаўважна ў душы абудзіўся незабыўна-няўлоўны смак дзяцінства, імя якому – добрая казка…

Фінальным акордам раённай ёлкі стала святочная дыскатэка, падчас якой дзятву чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз – салодкія падарункі ад раённага выканаўчага камітэта.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий