МАЛАДАЯ І ПЕРСПЕКТЫЎНАЯ

Молодежный курьер

Адкрыццём мінулага года назвалі ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Анастасію Валяр’янаўну Паталей, трэнера-выкладчыка па лёгкай атлетыцы Валожынскай ДЮСШ агульнай фізічнай падрыхтоўкі. Трэці год яна працуе на базе Івянецкай СШ, трэніруе мясцовых школьнікаў. Аднак сёлетні год стаў асабліва паспяховым для яе выхаванцаў, а значыць, і для яе самой.

Найбольш парадаваў маладога трэнера дзевяцікласнік Уладзімір Княжэвіч. У агульным заліку па выніках года за ўдзел у спартыўных мерапрыемствах і занятыя прызавыя месцы ён набраў больш за 500 ачкоў. А гэта, безумоўна, перамога і трэнера, які працуе са сваім выхаванцам на агульны вынік.

Калісьці, пачынаючы з чацвёртага класа, Насця Паталей хадзіла на трэніроўкі да Аляксандра Станіслававіча Чарняўскага, вядомага івянецкага трэнера, побач з якім сёння працуе і якога лічыць сваім галоўным настаўнікам і памочнікам. Менавіта ён і разгледзеў у дзяўчынцы добрыя спартыўныя задаткі. Рэгулярныя трэніроўкі, удзел у спаборніцтвах ператварылі сціплую школьніцу ў мясцовую знакамітасць, рэкардсменку. У Анастасіі Валяр’янаўны і да сённяшняга часу захаваўся асабісты рэкорд у жаночым спаборніцтве, устаноўлены ў 1999 годзе ў Маладзечне на эстафеце “Адна вярста”, які пакуль ніхто з вучняў не пераўзышоў. Зараз яна трэніруе 39 школьнікаў у чатырох ўзроставых групах.

Ад новага года А. В. Паталей чакае новых перамог і рэкордаў сваіх выхаванцаў. Засталося зусім няшмат і да заканчэння вучобы ў Белдзяржуніверсітэце фізічнай культуры, дзе яна атрымлівае спецыяльнасць настаўніка фізічнай культуры і кіраўніка фізвыхавання ў дашкольнай установе. Наперадзе — практыка, дыпломная работа, а таксама шматлікія трэніроўкі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий