ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

Дарожная трагедыя

Сумна скончылася паездка на госці для саракасямігадовай жыхаркі вёскі Манькаўшчына Яршэвічскага сельсавета. Вадзіцель аўтамабіля «Сітраен», жыхар горада Мінска, знаёмы пацярпелай, не пабаяўся выехаць у дарогу, нягледзячы на моцны снегапад. Не даехаўшы да месца прызначэння літаральна некалькі кіламетраў, непадалёк ад вёскі Пяршаі, ён памыліўся з выбарам хуткасці руху, не ўлічыў стан дарожнага палатна, у выніку чаго аўтамабіль спачатку пачало моцна заносіць, а пасля выкінула ў кювет. З’ехаўшы з дарогі, «Сітраен» некалькі разоў перакуліўся. Прышпілены рамянямі бяспекі вадзіцель практычна не пацярпеў, тым часам як пасажырка, што знаходзілася на заднім сядзенні, была выкінута з салона аўтамашыны і прыціснута яе корпусам. Нягледзячы на ўсе намаганні ўрачоў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі горада Мінска, жанчына памерла праз некалькі дзён, не прыходзячы ў прытомнасць.

Выпіў і закусіў

Значнай часткі сваіх хатніх запасаў не далічылася жыхарка вёскі Ляшчатка Пяршайскага сельсавета. Як высветлілі следчыя органы, дваццацітрохгадовы жывёлавод з вёскі Манькаўшчына, раней неаднаразова судзімы, разбіўшы акно, залез у хату пацярпелай і скраў адтуль 24 бутэлькі хатняга самаробнага лікёру і паўтара літра кансерваванай салаты. Аказалася, што злодзей на момант высвятлення яго віны ўжо знаходзіўся ў следчым ізалятары за іншыя злачынствы, ўчыненыя раней. Відаць, гісторыя з лікёрам і салатай мусіць стаць асобнай старонкай «шматсерыйнай» крымінальнай справы.

Пакіраваў…

Нечаканай ахвярай дарожна-транспартнага здарэння стаў дваццаціпяцігадовы жыхар Валожына, рабочы адной з будаўнічых фірм раёна. На будаўнічай пляцоўцы жыллёва-будаўнічага кааператыва ў г. п. Івянец ён узяўся кіраваць манеўрамі велікагрузнага аўтамабіля «DAF» з прычэпам. Задачай пацярпелага было сігналізаваць вадзіцелю аб абстаноўцы ззаду транспартнага сродку. Вынікам жа стаў не паспяхова выкананы манеўр, а дастаўка самога «рэгуліроўшчыка» ў рэанімацыйнае аддзяленне Валожынскай бальніцы са шматлікімі пераломамі рэбраў, костак перадплечча і закрытым пашкоджаннем лёгкага.

З кім павядзешся…

У апошні час пачасціліся выпадкі крадзяжу асабістых рэчаў у жыхароў Валожына. Так з кватэры ваеннаслужачага мясцовай воінскай часці зніклі грошы ў памеры 400 долараў ЗША. З кішэні ж курткі іншага жыхара райцэнтра падчас начных сяброўскіх пасядзелак знік мабільны тэлефон коштам восем мільёнаў рублёў. У абодвух выпадках крадзеж учынены некім са знаёмых пацярпелых і, як адзначаецца ў міліцэйскіх пратаколах, «шляхам свабоднага доступу». Пазбегнуць жа непрыемных наступстваў маглі простая пільнасць і правільны выбар прыяцеляў.

Прысуд вынес сам

Нядаўна літаральна ўвесь асабісты састаў раённага аддзела ўнутраных спраў працаваў ва ўзмоцненым рэжыме. Падставай сталі трагічныя падзеі, што адбыліся ў вёсцы Гарадзечна Гародзькаўскага сельсавета, дзе была забіта сямідзесяцідзевяцігадовая жанчына. Напружаная праца органаў правапарадку дала свой плён. У хуткім часе ўдалося «вылічыць» чалавека, на якога ўпала падазрэнне ва ўчыненні дзёрзкага забойства. Следчыя пачалі вышук саракадзевяцігадовага аднавяскоўца забітай, які да гэтага ўжо двойчы трапляў на лаву падсудных. Аднак перад самым Новым годам вышук прыйшлося спыніць. На адным з закінутых хутароў непадалёк Гарадзечна быў знойдзены труп падазронага, які паквітаўся і з уласным жыццём, скончыўшы яго ў пятлі. Цяпер эксперты мусяць зрабіць канчатковыя высновы. Калі экспертыза пацвердзіць вінаватасць памерлага, крымінальная справа па факце забойства будзе закрыта.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий