ПРАЦА ВЫСОКА АЦЭНЕНА

Молодежный курьер

Яшчэ нядаўна пра сціплага падбярэзскага дзесяцікласніка Дзмітрыя Жаркевіча мала хто ведаў, хіба што ў роднай вёсцы ды ў навучальнай установе. Але пасля таго, як яго даследчая праца была паспяхова прадстаўлена на абласной навукова-практычнай канферэнцыі і атрымала дыплом трэцяй ступені ў секцыі «Біялогія», пра юнака загаварылі.

Першай павіншавала пераможцу яго любімая настаўніца біялогіі Вольга Іванаўна Марковіч. Менавіта пад яе кіраўніцтвам школьнік на працягу двух гадоў вывучаў… катоў. Пазней вынікі яго даследавання былі прадстаўлены ў рабоце «Фенавоблік катоў вёсак Подберазь, Ластаянцы, Лаўскі Брод і Сіняя Гара». Такі цесны настаўніцка-вучнёўскі тандэм узнік на падставе агульнага захаплення: яны вельмі любяць катоў і трымаюць гэтых хатніх любімцаў дома. Напрыклад, у Вольгі Іванаўны іх дзесяць, а ў Дзімы пакуль толькі два. Назіранне ж праводзілася ў асноўным за тымі, якія свабодна перамяшчаюцца ў навакольным асяроддзі. А праца гэта, трэба сказаць, вельмі карпатлівая і няпростая. Сто дваццаць шэсць катоў згаданых вышэй вёсак былі ўзяты пад пільнае вока юнага даследчыка, кожны сфатаграфаваны і занесены ў своеасаблівы банк даных. У гэтай справе Дзмітрыю дапамагалі і аднакласнікі, якія жывуць у Ластаянцах, Сіняй Гары, Лаўскім Бродзе. І ў выніку толькі паводле структуры і колеру поўсці ў мясцовай папуляцыі юнак выдзеліў 15 фенатыпаў, акрэсліў іх асаблівасці. Паколькі дагэтуль беларускімі навукоўцамі былі даследаваны толькі папуляцыі катоў Мінска, Оршы, Гомеля і Рэчыцы, высветлілася, што наша найбольш блізкая да гомельскай.

Работа Дзмітрыя — першы крок на шляху да сур’ёзнага вывучэння  хатніх жывёл. Зараз ён даследуе новыя аспекты гэтай тэмы, а таму з’яўляецца пастаянным наведвальнікам школьнай бібліятэкі. А любімай літаратурай для яго сталі разнастайныя энцыклапедыі і даведнікі. Спадзяёмся, новая работа таксама не застанецца па-за ўвагай на чарговай канферэнцыі або конкурсе і зноў прынясе дзесяцікласніку заслужаную перамогу.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий