КАБ ЛЁД НЕ НАДАЎ “ПРЫГОД”…

Закон и порядок

На шчасце, летась у раёне не былі зафіксаваны трагічныя выпадкі, звязаныя са знаходжаннем людзей на лёдзе. Але не лішне нагадаць асноўныя правілы бяспекі і ратавання людзей, якія праваліліся пад лёд.

У такіх выпадках неабходна дзейнічаць хутка і рашуча: шырока расставіўшы рукі, без рэзкіх рухаў, утрымацца на паверхні, перапаўзці на трывалы лёд, а затым, лежачы на спіне ці грудзях, прасоўвацца ў той бок, адкуль прыйшоў, адначасова клікаць людзей на дапамогу. Лыжнік павінен неадкладна адкінуць рукзак, пакласці ўпоперак расколіны палкі, легчы на лёд, без мітусні вызваліцца ад лыж і паспрабаваць, абапіраючыся на палкі, выбрацца на моцную паверхню.

Калі чалавек праваліўся пад лёд непадалёк выратавальнай станцыі, то выратавальнікі выкарыстоўваюць табельныя выратавальныя сродкі: высоўныя лесвіцы, санкі-насілкі, палкі, лодкі-лядзянкі, валакушы, пантоны, гумовыя лодкі і інш. Але ж часцей бывае наадварот. У гэтых выпадках варта выкарыстоўваць падручныя выратавальныя сродкі: жэрдкі, лыжы, лыжныя палкі, рукзак, шалік, паліто, рамень, вяроўку – адным словам, любыя прадметы, якія знаходзяцца побач. Пры аказанні дапамогі да пацярпелага варта набліжацца паўзком, з раскінутымі ў бакі рукамі і нагамі. Калі дапамогу аказваюць два-тры чалавекі, то яны кладуцца на лёд і ланцужком прасоўваюцца да пацярпелага, утрымліваючы адзін аднаго за ногі, а першы падае пацярпеламу лыжныя палкі, шалік, адзежу і г. д. Драўляныя прадметы (лесвіцы, жэрдкі, дошкі і інш.) неабходна прасоўваць па лёдзе асцярожна, каб выпадкова не стукнуць пацярпелага.

Калі вы самі трапілі ў бяду, шырока раскіньце рукі, наваліцеся грудзьмі ці спіной на лёд і паспрабуйце вылезці на яго самастойна, клічце на дапамогу. Варта памятаць, што лёд на рацэ менш трывалы, чым у вадаёме са стаячай вадой, таму правілы засцярогі маюць тут яшчэ большае значэнне. Пасля таго як выбраліся, трэба як мага хутчэй сагрэцца і папярэдзіць магчымае захворванне – у цёплым памяшканні зняць мокрае адзенне, расцерціся і апрануць сухую бялізну. Дапамогуць сагрэцца і гарачыя напоі: кіпень, чай, кава і інш.

Юльян БАЛДОЎСКІ,

старшыня райарганізацыі ТВВАД.

 



Добавить комментарий