ПОВАРСКІ СТАЖ – 25 ГАДОЎ

Общество

Працоўны дзень старшага повара Тамары Фёдараўны АЗАРЭВІЧ пачынаецца ў 5.30. Прыгатаваўшы для дзяцей сняданак, яна бярэцца за абед: трэба напячы больш за сто катлет, наварыць супу і кашы, паклапаціцца пра салодкія прысмакі і садавіну.

Тэфтэлі пад белым соусам, шніцаль з гавядзіны, фрыкадэлькі з кураціны, салаты “Ружовы” і “Сонечны”, расольнік “Ленінградскі”, запяканка бульбяная з мясам, маннік з соусам, варэнікі “лянівыя” – гэтыя стравы падаюцца не толькі ў рэстаране. Такі багаты стол – частка зімова-вясенняга меню дзіцячага садка № 3 “Пралеска” райцэнтра. У повараў тут атрымліваецца накарміць 128 дашкольнікаў не толькі сытна, але і смачна.

Тамары Фёдараўне аднойчы прысніўся дзіўны сон, дзе яна дрыготкай рукой выводзіць літары – вучыцца пісаць, хвалюецца, таму што пісаць не ўмее. А раніцай да яе патэлефанавала загадчыца аднаго з дзіцячых садкоў райцэнтра і запрасіла на вакантнае месца повара. Сон аказаўся ў руку: Тамара Фёдараўна была выдатнай кухаркай – з 14 гадоў ужо гатавала на ўсю шматдзетную сям’ю, пакуль маці працавала на ферме ў Бабровічах – але спецыяльнай поварскай адукацыі яна не мела. Жанчына палічыла сон знакам лёсу, таму не пабаялася ісці працаваць у адказную сферу дзіцячага харчавання, знаёміцца з новай прафесіяй і разбірацца ў яе нюансах. Неўпрыкмет яна стала на адну прыступку з прафесіяналамі. Зараз поварскі стаж Т. Ф. Азарэвіч – 25 гадоў.

Дарэчы, Тамара Фёдараўна валодае і цырульніцкім майстэрствам. Пасля заканчэння Валожынскай СШ № 1 яе прынялі на працу ў Дом быту, дзе яна пяць гадоў адпрацавала цырульнікам. Асновы стрыжкі асвоіла яшчэ школьніцай: пераймала майстэрства ў знаёмай цырульніцы і да заканчэння дзесяці класаў кемлівая Тамара магла даць фору дыпламаваным спецыялістам.

Яе прыклад паказвае: каб стаць майстрам, не абавязкова мець дыплом – дастаткова жадання і працавітасці.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий