КАНЦЭРТНЫ ВАЯЖ

Молодежный курьер

У падарожжы па Еўропе і Амерыцы падчас навагодніх святаў пабывалі вучні музычнага аддзялення Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў.

Хоць гэта вандроўка і была віртуальнай, але пакінула масу прыемных эмоцый і адкрыла школьнікам цікавыя факты. Дзеці пазнаёміліся з французскім Дзедам Марозам, які ходзіць у драўляных чаравіках і ў хату пранікае праз комін, даведаліся, што тэмпераментныя італьянцы ў самую апошнюю хвіліну старога года выкідваюць з кватэр старое адзенне, посуд і нават мэблю, а таксама здзівіліся, што даўней у Расіі Новы год не святкавалі, яго сталі адзначаць толькі па ўказе Пятра I з 1700 года.

Гэты займальны ваяж юныя музыканты горада здзейснілі на калядным канцэрце ў РЦК, дзе прадставілі 15 музычных нумароў. У эстрадным рэвю акрамя вучняў прынялі ўдзел і педагогі Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў.

Шлях казачнага паравоза, на якім дзеці адправіліся ў вандраванне, пралягаў праз Аўстрыю, Германію, Італію і Францыю. На кожным прыпынку гучала музыка кампазітараў, якія праславілі гэтыя краіны. Ніка Вайцяхоўская выканала “Інвенцыю” Баха, Арсеній Гаспарэвіч сыграў на баяне твор Брамса, Ларыса Побаль выканала вальс “Мюзэт”, Маша Нахай – “Авэ Марыя” Шуберта, Яна Прыёмка – “Карусель” Браю.

Затым на чарадзейным самалёце дзеці «прыляцелі» ў Амерыку, і зала РЦК напоўнілася гукамі калядных песень, рок-н-ролла, рэгтайма і факстрота ў выкананні Надзі Каваленкі, Сашы і Наташы Лоўчых, Жэні Іванчыка, Дашы Кашкан, Валодзі Лінкевіча і іншых. Скончылася вандраванне па навагодняй планеце ў Расіі творамі Матвеева і Іванова ў выкананні Каці Пасекі і Ані Зянько.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий