З РАЗЛІКАМ НА ПРЫБЫТАК

Общество

Па дарозе паўз цэнтральнай сядзібы МАУП “Падбярэззе” наводдаль ад шашы размяшчаецца малочнатаварная ферма. Яшчэ нядаўна на гэтым месцы стаяў толькі “касцяк” – незадзейнічаная жалезабетонная аснова. Дзякуючы практычнаму падыходу кіраўніка сельгаспрадпрыемства А. Я. Лужынскага, за год тут “вырас” новы будынак з сучасным абсталяваннем.

Анатоль Яраслававіч не хавае: было няпроста. Тым не менш, з задачай у сельгаспрадпрыемстве справіліся паспяхова – сваімі сіламі, або, як цяпер кажуць, гаспадарчым спосабам, асвоіўшы 2,5 мільярда рублёў уласных сродкаў. У першых чыслах бягучага месяца ферму афіцыйна запусцілі ў эксплуатацыю. Сёння тут з камфортам размясціўся статак у 240 галоў. Рэальны станоўчы эфект ад выкарыстання новага даільнага і халадзільнага абсталявання гомельскай вытворчасці жывёлаводы мадэрнізаванай МТФ “Подберазь” заўважылі літаральна адразу: лічы, за месяц пробнай работы прырост надою на адну карову склаў два літры! А. Я. Лужынскі засведчыў: пабудаваная ферма куды больш камфортная ў плане ўмоў утрымання дойнага статка. На канчатковы вынік уплывае яшчэ і дастатковая колькасць натуральнага святла, выкарыстанне кормараздатчыка, правільны і збалансаваны рацыён… Пераконваюць у гэтым лічбы: калі на 2012 год даведзенае на ферму заданне па валавым надоі склала 41,5 тоны, то да канца года гэты паказчык дасягнуў 44,1 тоны, надой на адну карову пры плане 223 склаў 237 кілаграмаў.

Акрамя таго, па разліках кіраўніцтва гаспадаркі, увядзенне ў эксплуатацыю фермаў новага ўзору дазволіць істотна павысіць і вытворчасць прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы. Падставы для смелых меркаванняў абгрунтаваныя: КСУП “Падбярэззе” ўжо здолела выйсці на прырост амаль у 117 працэнтаў да паказчыка 2011 года, і ўзятыя тэмпы будуць падтрымлівацца і нарошчвацца ў будучым. А сакрэт заключаецца ў утрыманні статку ва ўмовах павышанай камфортнасці, што літаральна за месяц паспрыяла росту прываг да 8,5 кілаграма на галаву пры тэхналагічна вытрыманым, эфектыўным і, самае галоўнае, эканамічным кармленні.

“Перспектывы ў гэтым накірунку ў нас вялікія, – кажа А. Я. Лужынскі. – І яны ў ідэале павінны прынесці гаспадарцы значныя дывідэнды. Напрыклад, толькі дзякуючы згуртаванасці статка можна будзе сканцэнтраваць тэхнічныя магутнасці ў некалькіх лакальных месцах і істотна зэканоміць паліўна-энергетычныя рэсурсы…” Далейшаму ж эканамічнаму сталенню сельгаспрадпрыемства паспрыяе ў недалёкім будучым і распачатая рэканструкцыя яшчэ адной з чатырох малочнатаварных фермаў.

Сяргей САДОЎСКІ.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *