Грамадская думка

Общество

Зоя Макараўна ЗАДОРА,

былы брыгадзір паляводчай брыгады саўгаса «Падбярэззе», Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга:

– Мы з Мінскай вобласцю амаль равесніцы. Нарадзілася я на Віцебшчыне, але ж менавіта на Міншчыне прыйшло прызнанне. Часта цікавяцца, якім чынам мне ўдалося правільна выбраць жыццёвы шлях. Пасля школы адразу паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум, бо лічыла, што калі на зямельцы роднай вырасла, дык і вывучаць яе буду, працаваць на ёй. І не памылілася. Ніводнага разу не шкадавала аб зробленым выбары. Заўсёды шчыра любіла родны край, цудоўную беларускую зямлю, залатое спелае зерне. З дзяцінства звыклася ўсё тое, да чаго даводзілася прыкладаць рукі, рабіць старанна. Камусьці мае словы могуць падацца занадта пафаснымі. Гледзячы на неверагоднае тэхнічнае развіццё сельскай гаспадаркі, думаеш, што якраз на веры ў неабходнасць і запатрабаванасць працы хлебароба і трымаецца спрадвеку наша справа.

 

Міхаіл Ігнацьевіч РАДЫНА,

дырэктар Валожынскага філіяла ДП “Мінаблпаліва”:

– Мне давялося прайсці шлях ад простага работніка да кіраўніка. Гэта ў многім дапамагае прымаць правільныя рашэнні, будаваць перспектыўныя стратэгіі. І сёння надзвычай прыемна, што наш філіял сваімі працоўнымі здабыткамі змог заняць дастойнае месца сярод лепшых арганізацый сталічнага рэгіёна. Значыць, калектыў нездарма прыкладаў сілы, каб рэалізаваць пастаўленыя задачы. Удзячны сваім работнікам за самаадданую працу, клопат пра заказчыкаў, а кіраўніцтву раёна і вобласці – за аказваемую вялікую і ўсямерную падтрымку. Усё гэта спрыяе стабільнаму росту аўтарытэта прадпрыемства. Удзячны я лёсу і за тое, што змог апраўдаць ускладзены людзьмі і ўладай давер і атрымаць у недалёкім мінулым ганаровае званне “Чалавек года Міншчыны”. Высокі пачэсны тытул вымагае падымаць “планку” перамог і дасягненняў яшчэ вышэй…

 

 

Леанід Андрэевіч ВЕЧАР,

былы дырэктар Івянецкай кандытарскай фабрыкі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, старшыня Івянецкага савета ветэранаў:

— Удзячны лёсу, што вось ужо 54 гады жыву менавіта тут, на Валожыншчыне, якая з’яўляецца часткай прысталічнага рэгіёна, а той, у сваю чаргу, па многіх паказчыках займае перадавыя пазіцыі ў рэспубліцы.

На працягу многіх гадоў я працаваў у лясной гаспадарцы, бытавым абслугоўванні, апошнія дваццаць гадоў узначальваў вялікі калектыў кандытарскай фабрыкі. Гэтыя прадпрыемствы ўмацоўвалі дабрабыт не толькі раёна, але і ўсёй вобласці. Шмат тут было першаадкрыццяў, таму да нас прыязджалі пераймаць вопыт. За шматгадовую працу, вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Міншчыны ў 2008 годзе на мерапрыемстве, прысвечаным святкаванню 70-гадовага юбілею вобласці, атрымаў Ганаровую грамату аблвыканкама. Ганаруся тым, што нас, ветэранаў вайны і працы, памятаюць і цэняць.

 

Сяргей ЛУКАШЭВІЧ,

механізатар ААТ “Манькаўшчына”:

–      Прыемна, што працоўныя поспехі моладзі на Міншчыне заўважаюць і ацэньваюць. Мы шчыруем нароўні са старэйшымі калегамі, паказваючы добрыя вынікі. Неаднойчы я і сам з напарнікам станавіліся лідарамі маладзёжнага камбайнерскага спаборніцтва на жніве. Атрымлівалі адпаведныя ўзнагароды, запрашэнні на шматлікія ўрачыстасці і святкаванні. Гутарылі з хлопцамі – і заўсёды сыходзіліся на думцы, што ўласны дабрабыт можна стварыць толькі сваімі рукамі. А выгада ад заўзятай працы будзе і раёну, і вобласці. У Міншчыны сёння шмат набыткаў, да юбілею яна прыходзіць дастойна.

 



Добавить комментарий