І тчэ, забыўшыся рука…

Культура

Бывае, што маладым людзям, якія зачытваюцца поўнымі неверагодных прыгод старонкамі біяграфіі вядомых гістарычных асоб, жыццё простага чалавека можа ўбачыцца шэрым і нецікавым. Маўляў, што можа быць асаблівага, зайздроснага, непаўторнага ў штодзённай руціне? Але ж гэта ўражанне – паверхневае. Бо галоўнае – не пералік надзвычайных падзей, што выпалі чалавеку ў жыцці, а маштаб яго асобы. І вельмі часта, гаворачы з тым, хто за свой доўгі зямны шлях дакрануўся да адвечнай мудрасці, адчуваеш сапраўднае захапленне, нягледзячы на тое, што нічога фантастычнага пра сябе чалавек распавесці як быццам бы і не можа.

Менавіта аб гэтым падумалася мне, калі я сеў перачытваць падарожныя запісы, не так даўно прывезеныя з вёскі Забрэззе Гародзькаўскага сельсавета. Там, сярод іншых занатовак, чакалі свайго часу некалькі старонак, што захавалі маю размову з Валянцінай Мікалаеўнай Чыжэўскай, з якой мне давялося сустрэцца ледзь не ў самым канцы вялікай, але малалюднай у апошнія гады вёскі.

Ці магла прадбачыць колішняя выпускніца крэўскай дзесяцігодкі, праходзячы адразу пасля школы курсы прадаўцоў, што ўсё яе жыццё будзе звязана з … рукадзеллем? Напэўна, не. Але ж схаванае глыбока ў сэрцы прызначэнне мусіла рэалізавацца. Нечакана для ўсіх, ужо працуючы ў вясковым магазіне ў Ракаўцах, што пад Крэвам, Валянціна пайшла вучаніцай да старой жанчыны – Веры Лазар, якая славілася па ўсім наваколлі сваімі кажухамі. Пазней, магчыма, ужо адчуўшы сваё прызванне, будучая майстрыха закончыла прафесійныя курсы краўчых, і з таго часу не пакідала любімай справы.

Два гады на Маладзечанскай швейнай фабрыцы «Камсамолка» сталі як быццам апошнім іспытам – Валянціна Мікалаеўна канчаткова знайшла свой шлях у жыцці. Тады ж лёс прывёў маладую швачку на Валожыншчыну. Выйшаўшы замуж за валожынскага хлопца, яна пераехала жыць у Забрэззе. Месцам жа працы на доўгія гады стаў Валожынскі КБА.

Здавалася б, літаральна некалькі дзесяцігоддзяў мінула з таго часу, але ж як адчувальна змянілася наша жыццё! Амаль усе патрэбныя рэчы мы сёння набываем гатовымі ў магазінах. У Дом быту ж звяртаемся толькі за пэўнымі паслугамі – пастрыгчыся, адрамантаваць абутак ці памяняць «маланку» на вопратцы. Напрыканцы ж сямідзясятых раённы КБА ўяўляў сабой па сутнасці ўніверсальнае прадпрыемства, якое забяспечвала жыхароў раёна безліччу патрэбных рэчаў.

Першыя гады сваёй працы ў КБА Валянціна Чыжэўская шыла цёплыя скураныя пальчаткі. Прычым усе тэхналагічныя аперацыі ад пабудовы выкрайкі па індывідуальных мерках да самой пашыўкі рабіліся на месцы адным і тым жа майстрам.

З кожным годам прамысловасць краіны прапаноўвала пакупнікам усё больш шырокі асартымент тавараў, таму накірункі вытворчай дзейнасці КБА ўвесь час змяняліся. За час працы Валянціне Мікалаеўне давялося вырабляць не толькі пальчаткі, але ж і шмат іншага: шторы і пакрывалы, мужчынскія кашулі і матрацы, ватныя коўдры. Але ж найбольш блізкім стаў выраб дываноў і хустак. Менавіта майстрам па вырабе дываноў і па сённяшні дзень лічыць сябе Валянціна Мікалаеўна.

У тыя часы жаночыя хусткі вязаліся цалкам уручную з мяккай шарсцяной пражы. Ніткі асновы нацягваліся на вялікіх рамах, а потым рукамі майстра стваралася палатно. Каля двух гадоў давялося маладой жанчыне штодзень вязаць па пяць-шэсць хустак. А потым прыйшоў час асвойваць новае незвычайнае майстэрства – набіўку дываноў.

Асновай будучай прыгажосці з’яўлялася льняное палатно памерам, звычайна, два з паловай на паўтара метра. Спачатку на ім з дапамогай трафарэтаў фарбай адбівалі контуры будучай выявы. Потым жа адмысловай іголкай пачыналі рознакаляровымі сінтэтычнымі ніткамі ўручную набіваць малюнак, адначасова надаючы вырабу аб’ём і цеплыню. Колькі самых розных дываноў выйшла з-пад рук Валянціны Мікалаеўны! Казачныя жывёлы і родныя краявіды, геаметрычныя ўзоры і маляўнічыя кветкі яе дываноў радавалі людское вока не толькі ў райцэнтры, але ж і ў сталіцы, і па ўсёй рэспубліцы.

Цяпер Валянціна Чыжэўская на заслужаным адпачынку. Даглядае хатнюю гаспадарку, радуецца жыццёвымі дасягненнямі дзвюх дарослых дачок, сумуе з апусцення роднай вёскі. Але ж раз-пораз адкладае ў бок усе свае клопаты і трывогі і дастае з шафы любімае рукадзелле. І зноў пад спрактыкаванымі рукамі нараджаюцца цёплыя пухнатыя дываны, што вачыма казачных персанажаў глядзяць на сваю стваральніцу.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий