НЕ БЫВАЕ КЛОПАТУ БЕЗ ПЛЁНУ

Культура

На самым ускрайку Сугваздаў, дзе за вясковымі гародамі пачынаюцца маляўнічыя ўзгорыстыя палеткі, аздобленыя сакавітымі хмызняковымі шапкамі, месціцца гэты падворак. За блакітнай агароджай – акуратная, нібыта складзеная з блокаў дзіцячага канструктара хатка, заплецены кветкамі хлеў, стары сад, дзівосная самаробная тэлевізійная антэна ў голлі агромністага каштана. Ва ўсім – ад раўнютка выкашанага газона да раскіданых па ўсім двары кветнікаў – бачна рука сапраўднага гаспадара.

Вяскоўцы распавялі мне, што жыве тут сям’я – звычайная і незвычайная адначасова – з двума амаль што дарослымі дзецьмі і вялікай хатняй гаспадаркай. Заходжу ў двор, грукаю ў дзверы. На парозе з’яўляецца маладая жанчына. Вітаюся і пытаю, ці магу пабачыць гаспадыню. «А я і ёсць гаспадыня», – з усмешкай адказвае яна. І вось мы сядзім ва ўтульнай верандачцы, і Тамара Чараповіч расказвае пра сваё жыццё, пра тое, як разам з мужам Мікалаем ужо васямнаццаць гадоў будуюць сваё сямейнае гняздо.

Гарачым летам 1994 года лёсы дзяўчыны з Цябут і хлопца з Будраўшчыны перасекліся і спляліся ў адзіны. З таго самага лета і гаспадараць Тамара і Мікалай у сугваздаўскай сядзібе. За мінулы час шмат удалося зрабіць. Хату, што простым зрубам перайшла ад хроснай матулі, абклалі цэглай, дабудавалі, аздобілі знутры. Збудавалі новы хлеў, абнеслі двор агароджай. Як толькі пачалі падрастаць дочкі, сталі разам з імі садзіць малады сад. Дзякуючы асабістаму клопату гаспадыні ўвесь двор расцвіў самымі адмысловымі кветкамі. «Кветкі я люблю вельмі моцна, – дзеліцца Тамара. – Было б іх і болей, каб не куры…»

Жывёлы сям’я трымае шмат. Аснову гаспадарцы даюць дзве каровы, якіх дапаўняе невялічкі гурт свінак і шумная чарада курэй. «Калі ж усё паспяваеце?» – цікаўлюся я. «А я часам і сама не разумею, як паспяваем! – адказвае гаспадыня. – Але ж вось спраўляемся. Мы ж да працы звыклыя. Толькі малака здаём дзяржаве за год тон пяць!»

Тамара Чараповіч працуе сацыяльным работнікам. Яе клопатам ахоплены трынаццаць пажылых сугваздаўцаў. Мікалай жа – механізатар тутэйшага сельгаспрадпрыемства. «Як пасяўная, дык ён на палетках дацямна. А тады і вокам не міргнеш, а ўжо сенаж з сенам пайшлі. А за імі і жніво ўслед. А пасля кукуруза, а тады ворыва з азімымі… Так што гаспадар наш большую частку свайго жыцця на працы праводзіць», – ці то хваліцца, ці то скардзіцца Тамара.

Тым не менш двор сямейства Чараповічаў здалёк кідаецца ў вочы дагледжанасцю і чысцінёй. І не дзіва. Працавітым бацькам ва ўсім дапамагаюць дзве дачкі, у якіх хапае імпэту і на добрую вучобу – старэйшая атрымлівае спецыяльнасць педагога ў нясвіжскім каледжы, малодшая заканчвае дзясяты клас мясцовай школы – і на хатнія клопаты. Улетку ж ужо каторы год дзяўчаты працуюць разам з бацькам на зернеўборачным камбайне.

Свежы вецер гойдаў над самай галавой Тамары Чараповіч гібкае вінаграднае голле. Важкія спелыя гронкі сакавітым плодам роднай зямлі звешваліся сярод жаўцеючай лістоты. Гаспадыня з любоўю расказвала пра свой двор, пра каровак і курэй, пра сенажаці і яблынькі. А мне ў каторы раз думалася, што не бывае ў гэтым свеце чалавека, чый штодзённы шчыры клопат не даў бы свайго плода ў выглядзе ці то ўтульнага, дагледжанага двара, ці то дастойных дзяцей, ці то выдатнай, вартай пераймання хатняй гаспадаркі. Тамара і Мікалай Чараповічы – жывы таму прыклад.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий