На працягу мінулага года ў старажытным Нясвіжы ў рамках рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца 2012 года» прайшло больш 50 мерапрыемстваў, у іх ліку фестываль опернага і балетнага мастацтва, Палацавы баль у Нясвіжскім замку і інш.
Падзейны турызм прадстаўлены такімі яркімі мерапрыемствамі, як спаборніцтвы на сабачых запрэжках ля Ракава, “Цукерачны фэст» у Івянцы, фальклорны абрад «Цары» ў Капыльскім раёне, а таксама міжнародны парад нявест і міжнародны злёт паветраплавальнікаў «Паветраны махіто» ў Лагойскім раёне, фестываль бегу «Языльская дзясятка» ў Старадарожскім раёне і іншыя.
На Алімпійскіх гульнях 2012 года, якія праходзілі ў Лондане, нашу вобласць прадстаўляў 31 спартсмен у 15 відах спорту. Заваяваны 1 залаты і 2 бронзавыя медалі: С. Мартынаў – кулявая стральба, І. Кулеша – цяжкая атлетыка, І. Памелава – веславанне на байдарках і каноэ.
Вынікам сістэмнай работы з адоранымі дзецьмі сталі перамогі вучняў Мінскай вобласці ў розных міжнародных алімпіядах. У Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі і Міжнароднай хімічнай алімпіядзе заваяваны 2 залатыя медалі, 3 сярэбраныя, 5 бронзавых.
Упраўленне адукацыі аблвыканкама, установы адукацыі вобласці ажыццяўляюць міжнароднае супрацоўніцтва. У 2012 годзе былі рэалізаваны 22 міжнародныя дагаворы аб узаемадзеянні ў сферы адукацыі з Расіяй, Літвой, Латвіяй, Турцыяй, Украінай, Польшчай, Азербайджанам, Казахстанам.
Сёлета ў вобласці будзе інтэнсіўна развівацца будаўнічая галіна. Напрыклад, плануецца ўзвесці наступныя аб’екты: стадыён у Барысаве, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Стоўбцах, Чэрвені, Валожыне, плавальны басейн у Беразіно, дзіцячыя сады ў Слуцку, Смалявічах, комплекс школа-сад у Салігорску, дамы сямейнага тыпу ў Валожыне і Слуцку.
У вобласці сфарміравана сістэма творчых конкурсаў, фестываляў, культурных акцый. Сярод найбольш значных – Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, рэспубліканскія святы музыкі і мастацтваў у Заслаўлі і Нясвіжы, абласныя фестывалі народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», а таксама фестывалі харэаграфічнага, харавога мастацтва «Карагод сяброў», «Пеўчае поле», тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак» і «Бярэзінская рампа», эстраднай песні «Вясновыя рытмы», духавой музыкі «Майскі вальс», джазавай і эстраднай музыкі і іншыя.